Закружыла «Зорная карусель»

Общество

У канцы сакавіка ў Брагіне прайшоў VІІ міжраённы дзіцячы фестываль эстраднай песні і танца «Зорная карусель». Вельмі паспяхова ў розных намінацыях выступілі на фестывалі і нашы землякі – удзельнікі дзіцячых калектываў Зашырскага культурна-спартыўнага цэнтра.


Тры Дыпломы першай ступені і два Дыпломы  другой ступені, а таксама Дыплом «Народнай газеты» – вось такі ўраджай сабралі выхаванцы Зашырскага КСЦ. Расказвае дырэктар Яўгенія Шадрына:


– Нашы дзеці ў гэтым фестывалі прымаюць удзел ужо трэці раз. Сёлета ў «Зорнай каруселі»  ўдзельнічалі 8 каманд (з Брагінскага, Ельскага, Гомельскага, Хойніцкага, Веткаўскага і інш. раёнаў). Хачу адзначыць, што ў асноўным гэта былі выхаванцы дзіцячых школ мастацтваў і Дварцоў творчасці. Згодна з умовамі конкурснай праграмы, неабходна было на працягу 25 хвілін прадставіць праграму, якая ўключала б у сябе разнастайныя намінацыі (вакальны ансамбль, вакальны саліст, арыгінальны жанр, канферанс і інш.)


Нашы дзеці выступілі проста цудоўна і атрымалі мноства дыпломаў і каштоўных падарункаў. Так, Дыпломамі першай ступені былі ўзнагароджаны ўзорны ансамбль «Сонейка» ў намінацыі «Народная песня», трыо «Каліна» ў намінацыі «Эстрадная песня» і Вікторыя Гуд у намінацыі «Народная песня». Наогул, Вікторыя была прызнана адной з лепшых выканаўцаў, сапраўдным прафесіяналам.


Дыпломы другой ступені атрымалі Вікторыя Шадрына і Аляксандр Журомскі ў намінацыі «Арыгінальны жанр» і ансамбль «Лялечкі» ў намінацыі «Эстрадны танец». Акрамя гэтага, наш славуты канферансье Аляксандр Журомскі быў прызнаны пераможцам у намінацыі «Народная зорачка» дзіцячага музычнага фестывалю сучаснай эстрады «Зорная карусель» і ўзнагароджаны Дыпломам «Народнай газеты» і каштоўным падарункам. Мы вельмі рады, што таленты нашых дзяцей прызнаюцца на розных узроўнях і спадзяёмся яшчэ неаднойчы ўдзельнічаць у падобных фестывалях.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *