Быхаў праводзіць свята


Дзень беларускага пісьменства кожны год праводзіцца ў гістарычных і культурных цэнтрах, з якімі непарыўна звязана жыццё вядомых дзеячаў краіны. У розныя гады свята ўжо адзначалася ў Полацку, Тураве, Навагрудку, Нясвіжы, Оршы, Пінску, Заслаўі, Мсціславе, Міры, Камянцы, Паставах, Шклове, Барысаве, Смаргоні, Хойніках, Ганцавічах.

images2
Каля двух тысяч удзельнікаў будзе задзейнічана сёлета, 31 жніўня – 1 верасня, у творчай праграме, прысвечанай Дню беларускага пісьменства ў Быхаве. Святочныя мерапрыемствы пройдуць на цэнтральнай канцэртнай і адкрытай пляцоўках горада. Для быхаўчан і гасцей свята будуць прапанаваны канцэртныя праграмы з удзелам аўтараў-выканаўцаў, паэтаў, аматарскіх аб’яднанняў устаноў культуры. Адбудуцца вернісажы мастакоў, тэматычныя выставы бібліятэк, творчыя прэзентацыі выданняў. Пройдуць канцэрты з удзелам салістаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, артыстаў абласной філармоніі, эстрадных выканаўцаў. Адбудзецца творчая сустрэча з рэжысёрска-пастановачнай групай беларускага фільма «Сляды апосталаў».

Акрамя таго, з нагоды свята ў Быхаве ўшануюць памяць аб вядомым ураджэнцы Быхаўскага раёна, публіцысце, паэце, пісьменніку, заслужаным дзеячы культуры Беларусі Барысе Стральцове, які лічыцца адным з пачынальнікаў тэорыі сучаснай айчыннай журналістыкі. Імя майстра беларускага нарыса будзе прысвоена Быхаўскай раённай бібліятэцы, а на будынку раённага цэнтра культуры ўсталююць памятную дошку з яго барэльефам.

Таксама адметнасцю сёлетніх святкаванняў стане адкрыццё манументальна-скульптурнай кампазіцыі «Баркулабаўскі летапіс». У аснову кампазіцыі пакладзены знакавыя элементы з гісторыі духоўнага і культурнага жыцця Быхаўскага краю, унікальны помнік беларускага пісьменства Баркулабаўскі летапіс, а таксама вобраз Божай Маці Баркулабаўскай.

Жанна Рынгоўская



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *