Дарагая мая вёсачка


7 лістапада жыхары і госці Дабрыня святкавалі Дзень вёскі. Так, нават тыя, хто па волі лёсу апынуліся далёка ад родных мясцін, у гэты дзень былі побач са сваімі землякамі.
Добрынь-075Добрынь-083
Ужо апоўдня каля будынка Дабрынскага культурна-спартыўнага цэнтра (КСЦ) пачалі збірацца дарослыя і дзетвара. Некаторыя спрабавалі шчасця ў бяспройгрышнай латарэі, іншыя спяшаліся набыць што-небудзь смачнае ў імправізаваных гандлёвых кропках, паспытаць духмянай рыбнай юшкі, гарачых бліноў, ну а дзеці, зразумела, цягнулі бацькоў у бок атракцыёнаў і палаткі з салодкай ватай, поп-корнам і ўсялякімі цацкамі. Вялікую цікавасць у дабрынцаў выклікалі і выставы работ (вышыванак) народных умеліц Вольгі Ажанілак і Зінаіды Анішчанка, а таксама выставы прадметаў беларускага быту, фотаздымкаў з сямейных архіваў «Время. События. Люди». Каля стэнду з фотаздымкамі вяскоўцы затрымваліся надоўга: успаміналі былыя падзеі, сяброў, маладосць…

Урачыстае мерапрыемства пачалося ў памяшканні КСЦ, дзе хлебам-соллю сустрэлі дабрынцы гасцей з братняй Украіны – намесніка галавы, кіраўніка апарата раённай гарадской адміністрацыі Анатоля Бібко, старшыню сельскага выканаўчага камітэта в. Першамайскае Мікалая Ляўкоўскага і старшыню сельскага выканаўчага камітэта в. Ляўковічы Мікалая Неўмяржыцкага.

Са святам усіх, хто сабраўся, павіншавалі Сяргей Матузка, старшыня раённага Савета дэпутатаў, і Аксана Захарчанка, старшыня Дабрынскага сельскага Савета дэпутатаў. Яны ад шчырага сэрца пажадалі дабрынцам моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, поспехаў ва ўсіх справах і далейшага працвітання. Таксама Сяргей Міхайлавіч уручыў грамату за актыўны ўдзел у жыцці сельсавета старасце вёскі Галіне Ракавецкай.

Здаўна вядома, што самае каштоўнае ў любой вёсцы – гэта яе жыхары. Менавіта людзі славяць вёску, з’яўляюцца яе гонарам. У Дабрыні таксама шмат людзей, якія заслугоўваюць слоў павагі і ўдзячнасці. І менавіта такія словы гучалі ў адрас самай старэйшай жыхаркі вёскі Аляксандры Марк’янаўны Дрозд. У гэтым годзе жанчыне споўнілася 93 гады.

Самаму малодшаму жыхару вёскі Яраславу Федзюкевічу ўсяго 3 месяцы. Бацькам хлопчыка былі ўручаны падарункі.

Цёплыя словы віншаванняў гучалі і ў адрас сямейных пар Мікалая і Раісы Канавод, якія пражылі разам 60 гадоў, вырасцілі 3 дзяцей, дачакаліся 4 унукаў і 5 праўнукаў. Віншавалі таксама Еву і Аляксандра Антановічаў, гэтая пара разам ужо 66 гадоў.

Адзначаны былі і мнагадзетныя бацькі Алеся і Аляксандр Ажанілак.

За шматгадовую і плённую працу ў сельскай гаспадарцы словы павагі і ўдзячнасці ад дырэктара мясцовай гаспадаркі – КСУП «Дабрынь» – Генадзя Дражына гучалі ў адрас Аляксандры Ясімчык, Вольгі Ажанілак, Віктара Голуба. Павіншаваў і ўручыў падарункі Генадзь Уладзі-міравіч таксама і добрасумленным маладым працаўнікам Арцёму Судасу і Анатолію Голубу.

Многа цёплых слоў пачулі дабрынцы і ад гасцей з Украіны.

Дырэктар школы Аляксандр Пазняк павітаў сваіх аднавяскоўцаў са святам, адзначыў многіх работнікаў школы, у тым ліку і настаўніц Вольгу Сарнаўскую і Зою Канавод.

Наталля Назарчук, загадчыца Дабрынскага ясляў-сада «Вясёлка», выказала словы падзякі і павіншавала са святам ветэрана педагагічнай працы Любоў Анішчанка.
Віншаванні і словы падзякі гучалі і ў адрас дабрынскіх прадстаўнікоў гандлю (Мартыненка Яўгеніі), медыцыны (Рагозенка Марыі), спорту (Ясімчыка Сяргея), культуры (Леглік Аляксандры).

Музычныя падарункі на працягу ўсяго свята дабрынцам і гасцям вёскі дарылі самадзейныя артысты з вёскі Дабрынь і артысты Зашырскага КСЦ.

У знак сяброўства паміж беларусамі і ўкраінцамі госці з Оўруччыны і прадстаўнікі мясцовай адміністрацыі пасадзілі алею сяброўства.

Жанна Рынгоўская

На здымках: Марыя Рагозенка выказвае словы ўдзячнасці арганізатарам свята і кіраўніцтву Ельскай ЦРБ за іх клопат і ўвагу; закладка алеі сяброўства.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *