Задумак і ідэй многа


Некаторы час назад на сценах хлявоў малочнатаварнай фермы Жукі дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» з’явіліся цікавыя карціны. Мы пацікавіліся ў загадчыцы фермы Алены Паўлюк, хто прыдумаў і стварыў гэтую прыгажосць.
DSC_4562
Алена Паўлюк кіруе фермай амаль два гады. За гэты час вельмі многае зроблена па стварэнні спрыяльных умоў работы для жывёлаводаў фермы, а гэта сем чалавек. Так, зроблены рамонт у пакоі асеменатара. У бытавым пакоі, дзе людзі могуць прыйсці і адпачыць, сагрэцца чаем, таксама многае падрамантавана і сцены паклеены новымі прыгожымі шпалерамі. Да Новага году чакаюць новую мэблю – мяккі вугал, тэлевізар і інш.

– Хочацца, каб людзі, якія працуюць на ферме, – дзеліцца сваімі думкамі Алена Васільеўна, – адчувалі сябе ўтульна, камфортна, каб у халоднае надвор’е маглі зайсці ў цёплы пакой і сагрэцца.

Акрамя гэтага, прыемна, калі і на тэрыторыі, дзе мы працуем, прыгожа. Таму вельмі абрадаваліся, калі наша работніца Марына Ясеева, якой было даручана пабяліць хлявы, прапанавала размаляваць і сцены. Так, у канцы кастрычніка на сценах качагаркі з’явіліся лебедзі і бусел, якія не спалохаліся зімы і снегу, на варотах хлявоў – птушкі, на сценах малочнага блока – прыгажуны коні. Зараз, нягледзячы на халоднае надвор’е, Марына малюе карову з цялём. Наогул задумак, планаў і ідэй у нас яшчэ многа. Спадзяюся, паступова мы ўсё гэта ажыццявім.

Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *