Чацвёртага сакавіка гэтага года калектыў дзяржаўнага прадпрыемства «Ельскае Палессе» адзначыць 85 гадоў з дня заснавання гаспадаркі. На сённяшні дзень ДП «Ельскае Палессе» – адно з буйнейшых у раёне, якое ўзнікла шляхам аб’яднання калгасаў «Звязда», «Рэвалюцыя», «Абарона Саветаў». Толькі пасяўныя плошчы гэтай гаспадаркі займаюць больш як тры тысячы гектараў.
Аб тым, чым жыве «Ельскае Палессе», нам расказаў дырэктар прадпрыемства Уладзімір Матузка (на здымку).
– Уладзімір Аляксеевіч, якія асноўныя шляхі дасягнення поспехаў у сельскагаспадарчай галіне?
– Дысцыпліна, якасць вырабленай сельгаспрадукцыі, добрасумленнае стаўленне работнікаў да выканання сваіх абавязкаў – вось асноўныя шляхі дасягнення намечаных мэт і выканання прагнозных паказчыкаў. Што датычыць нашага прадпрыемства, то кожны год распрацоўваюцца планы сацыяльна-эканамічнага развіцця гаспадаркі, у якіх, зыходзячы з рэальных умоў, прагназуюцца асноўныя паказчыкі па вытворчасці і рэалізацыі сельгаспрадукцыі. Паказчыкі гэтыя цалкам рэальныя, аднак дасягаюцца яны не заўсёды і не ўсімі структурнымі падраздзяленнямі, з-за чаго выйсці на прагнозныя паказчыкі не можа ўся гаспадарка ў цэлым.
– Як вы спрацавалі ў мінулым годзе?
– Калі весці гаворку аб фінансава-гаспадарчай дзейнасці ў 2013 годзе, то прывяду некалькі лічбаў: аб’ём валавай прадукцыі ў 2013 годзе саставіў 36924 млн рублёў, вытворчасць прадукцыі раслінаводства склала 13685 млн рублёў, у гэтым напрамку атрымана 4166 тон зерня ў вазе пасля дапрацоўкі, што на 11,7 % больш да ўзроўню 2012 года, пры сярэдняй ураджайнасці 22,8 ц/га.
А вось у галіне жывёлагадоўлі ў мінулым годзе адзначылася зніжэнне пагалоўя, якасці і таварнасці малака, павелічэнне сябекошту прыбаўлення ў вазе прывялі да вялікіх страт. Таму перад усімі работнікамі, ад даяркі да загадчыка фермы, была пастаўлена задача: дабівацца высокай якасці малака. малака другога сорту не павінна быць. А для гэтага брыгадзірам, заатэхнічнай і ветэрынарнай службам патрэбна дабівацца элементарнай тэхнічнай дысцыпліны: у пэўны час скаціну напаіць, накарміць, прыбраць каля яе і вылечыць – тады толькі будзе вынік. Мы працавалі ў гэтым напрамку, таму ёсць і добрыя вынікі.
На якасць прадукцыі ўплывае і працоўная дысцыпліна. У гаспадарцы будуць працаваць тыя, хто ўмее гэта рабіць і хоча атрымаць дастойную зарплату. Таму не менш увагі мы будзем удзяляць і заработнай плаце. Яна і так не самая малая ў раёне і склала 3350 тыс рублёў. Але памер заробку будзе прама залежаць ад колькасці і якасці працы кожнага. Адным словам, чым больш будзе грошай ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, тым больш будзе павялічвацца заработная плата.
– На што, на вашу думку, патрэбна звярнуць увагу, каб зменшыць выдаткі і павялічыць прыбытак?
– Мы не дасягнем дастойнай будучыні, калі не будзем сур’ёзна займацца мадэрнізацыяй вытворчасці як у жывёлагадоўлі, так і ў раслінаводстве. Яшчэ неабходна ўзаемаразуменне паміж членамі гаспадаркі, кіраўніцтвам, спецыялістамі і радавымі працаўнікамі. Трэба памятаць: каб зменшыць выдаткі, патрэбна выхоўваць у сабе элементарную беражлівасць, і ўсе павінны працаваць і далей у гэтым напрамку. А таму беражлівасць на ўсіх участках вытворчасці, на ўсіх рабочых месцах – гэта значны рэзерв павышэння эфектыўнасці гаспадарання, змяншэння выдаткаў, паляпшэння дабрабыту людзей.
Праз пару дзён наша прадпрыемства адзначыць 85 гадоў з дня заснавання. Напярэдадні юбілея гаспадаркі хочацца пажадаць нашым ветэранам працы доўгіх гадоў жыцця і моцнага здароўя. Усім працаўнікам, якія ў гэты момант выконваюць свае абавязкі на жывёлагадоўчых комплексах, кіруюць тэхнікай, працуюць у майстэрнях, – плённай працы, дабрабыту, міру і згоды ў сем’ях.
Алесь Таполя