Няспынныя клопаты пра гаспадарку


Жыхар вёскі Рамязы Васіль Уласенка на працягу многіх гадоў трымае каня і на расстаецца з ім нават зараз, нягледзячы на сталы узрост. Нядаўна Васілю Іванавічу споўнілася 87 гадоў, аднак ён няспынна клапоціцца пра сваю невялікую гаспадарку: каня і пчол.

Доўгі час Васіль Уласенка працаваў у сельскай гаспадарцы, атрымаў нават пасведчанне ветэрана працы. Пасля выхаду на пенсію працягваў працаваць на зямлі, абрабляючы канём пасевы, свае і людскія агароды.

Шмат выпрабаванняў выпала на долю гэтага чалавека. Пасля смерці жонкі, Васіль Уласенка застаўся жыць адзін у сваёй хаце. Так здарылася, што ў агні амаль поўнасцю згарэў яго дом. Цудам удалося выбрацца з палаючага дома адзінокаму пенсіянеру. Прыйшлося Васілю Іванавічу шукаць сабе прытулак, абжываць новую хаціну. Невялічкі дом, што размешчаны недалёка ад былога селішча, зараз адстройвае стары чалавек, плануе перакласці падлогу, паставіць мэблю, ды, магчыма, прыедзе дачка, каб паклеіць новыя шпалеры у хаце… Дачка Васіля Уласенкі з сям’ёй жыве ў Мінску, наведваецца да бацькі толькі зрэдку. Вось і сумуе пенсіянер па сваіх родных, з нецярпеннем чакае прыезду ўнука і праўнучкі, якія жывуць далёка ў Сібіры. 

 У штодзенных клопатах верным сябрам для Васіля Іванавіча з’яўляецца конь: на ім і падвезці штосьці можна, і па душам пагаварыць… “Мая кабылка Маша вельмі разумная. Кажу ёй: “Ідзі сама, Маша, а то ў мяне ногі вельмі баляць”. Вось яна і ідзе сама да селішча. Здараецца, і пра жыццё-быццё з ёй размаўляю. Яна мяне разумее, прыслухоўваецца да таго, аб чым расказваю. Мне нават здаецца, што яна разам са мной перажывае і хвалюецца за мяне, — распавядае Васіль Уласенка. – Хоць і здароўя ужо няма, аднак сваю кабыліцу Машу не прадам і не аддам нікому”.

Власенко-Василий

І пчол сваіх любіць даглядаць гаспадар Васіль. Пяць сямей пчол жывуць у драўляных вуллях і зараз ужо пачынаюць вылятаць да кветак, што цвітуць у садзе, збіраць нектар.

Вось так і жыве Васіль Уласенка ў гармоніі з прыродай, адчуваючы падтрымку і разуменне суседзяў ды сваякоў.

Таццяна ПЕТРУХНО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *