«Зорная карусель» прынесла поспех ельчанам


Х фестываль-конкурс дзіцячай творчасці «Зорная карусель» прайшоў нядаўна ў Брагіне. У ім удзельнічалі 16 калектываў з Гомельскай вобласці, а таксама некаторых рэгіёнаў Расіі і Украіны. Годна выступілі ў конкурснай праграме нашы землякі, дзеці з Ельска.

IMG_6360
У конкурсе на суд журы свае музычныя нумары прадставілі вакальныя дуэты, ансамблі, індывідуальныя выканаўцы і танцавальныя калектывы сучасных эстрадна-спартыўных, народных танцаў агульнаадукацыйных школ, школ мастацтваў, пазашкольных устаноў, сельскіх клубаў і Дамоў культуры. Удзельнікамі сталі дзеці ва ўзросце да 17 гадоў.
З першых хвілін фестываль ператварыўся ў яркае і незабыўнае шоу. Гледачы з задавальненнем і заміраннем сэрца сачылі за выступленнямі таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак. На фестывалі-конкурсе былі прадстаўлены танец, народныя і эстрадныя спевы, канферанс, арыгінальны жанр.
Як распавяла культуролаг ГДК «Колас» Таццяна Пятрова, горад Ельск на фестывалі прадстаўлялі два калектывы: узорны вакальны ансамбль «Вясёлка» (кіраўнік – Юлія Дударава) і дзіцячая вакальная студыя «Домисолька» (кіраўнік – Таццяна Мчадлідзе) гарадскога Дома культуры «Колас».
Прыемна адзначыць, што з фестывалю «Зорная карусель» ельскія хлопцы і дзяўчаты прывезлі не толькі незабыўныя ўражанні, але і каштоўныя падарункі, дыпломы. Узорны вакальны ансамбль «Вясёлка» быў узнагароджаны Дыпломам І ступені ў намінацыі «Народная песня». Вакальная студыя «Домисолька» адзначана Дыпломам ІІІ ступені ў намінацыі «Сучасная эстрадная песня».
Акрамя таго, Дыплом ІІІ ступені быў уручаны салістцы вакальнай студыі Аліне Цалко за выкананне песні «Сёння дождж». Прыз сімпатый гледачоў заваявала Яна Семяненка. Як самая юная ўдзельніца фестывалю-конкурсу Граматай была адзначана ўдзельніца вакальнай студыі «Домисолька» Ангеліна Семяненка.

Яна Іванова



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *