Хто працуе, той не сумуе

Сельское хозяйство

Такога жыццёвага прынцыпу прытрымліваецца 80-гадовая жыхарка в. Жукі Марыя Пятровіч, у былым перадавая калгасніца, неаднакратная пераможца сацыялістычных спаборніцтваў, узнагароджаная медалямі «За доблесную працу», «За працоўную доблесць СССР» і іншымі.

Петрович-Мария
Марыя Сцяпанаўна нарадзілася ў вёсцы Калінавае (ці Воўчае, як раней называлі), а замуж пайшла ў Жукі, дзе і сёння жыве разам з дачкой Нінай, зяцем Ігарам і маленькай праўнучкай Рытачкай.
– Калі працую, я сябе лепш адчуваю, забываю пра тое, што баліць, – гаворыць Марыя Сцяпанаўна, якая па хаце перасоўваецца пры дапамозе маленькай табурэткі. – Каб па мне, дык я цэлы б год на агародзе сядзела – люблю палоць грады, асабліва з буракамі.
– Раней нашай маці ў працы не было раўных, – заўважыла дачка Ніна. – У дзве змены працавала на ферме. Дваццаць гадоў яна кароў рукамі даіла. А калі забалелі рукі, пайшла працаваць ў паляводчую брыгаду. За добрасумленную працу шмат узнагарод у яе. Дэпутатам некалькі разоў яе выбіралі, народным засядацелем у судзе была…
– Дзе я толькі не пабывала за сваё працоўнае жыццё! – усклікнула Марыя Сцяпанаўна. – Амаль усю матухну Расію аб’ездзіла, асабліва мне спадабалася на ВДНГ… І ў Латвіі была. А сёння, акрамя дома, нічога не бачу. Дзякуй Богу, дзеці (другая мая дачка, Валянціна, працуе настаўніцай у Ельску) ды ўнукі радуюць. Зяці ў мяне вельмі добрыя! І ўнукі таксама. Рытачка, праўнучка, – радасць для ўсёй сям’і, наша сонейка.
Нягледзячы на сталы ўзрост і розныя балячкі, Марыя Пятровіч з аптымізмам адносіцца да жыцця, з гумарам распавядае пра сваё нялёгкае становішча.
– І хацела бы пабегчы, дык вось конік мой не пускае, – паказвае бабуля на свой стулачак.

Ірына Дарына



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *