Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу

Актуальное Местные власти Общество

 

          Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 29 красавіка прыняў удзел у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі. Кіраўнік дзяржавы звярнуўся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

          На мерапрыемства былі запрошаны вышэйшыя службовыя асобы краіны, члены ўрада, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, буйнейшых прадпрыемстваў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, сродкаў масавай інфармацыі.

1348647841698107

Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку

У сітуацыі ў свеце, якая імкліва змяняецца, Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу.

«Трэба прызнаць, што сітуацыя ў свеце апошнім часам змяняецца больш імкліва, чым мы маглі сабе ўявіць. Ну хто мог уявіць, што ў суседняй з намі Украіне будуць падаць бомбы і рвацца снарады?  Што ў Еўропе зноў запахне вялікай вайной і градус напружання паміж вялікімі дзяржавамі вырасце да ўзроўню халоднай вайны? І гэта ўжо ніхто не ўтойвае, у тым ліку і ў гэтых вялікіх дзяржавах», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Наша заслуга ў тым, што Беларусь застаецца астраўком міру, спакою і парадку», — падкрэсліў ён. Аляксандр Лукашэнка са шкадаваннем заўважыў, што «нехта забыў урокі Вялікай Айчыннай вайны», сямідзесяцігоддзе заканчэння якой будзе адзначацца праз некалькі дзён. «Гэтыя ўрокі мог забыць хто хочаце, але толькі не беларусы. Тая вайна каштавала нам мільёны жыццяў, і таму, нягледзячы на час, мы цвёрда ведаем і помнім — няма на зямлі нічога даражэйшага, чым мір», — адзначыў Прэзідэнт.Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што сёння перад народам стаіць задача зберагчы найвялікшыя каштоўнасці — мір, парадак і незалежнасць Беларусі.

Аб эканоміцы

          Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што прычыны складанай сітуацыі ў эканоміцы відавочныя — гэта санкцыі супраць галоўнага партнёра Беларусі, спад цэн на нафту, дэвальвацыя расійскага рубля, звужэнне расійскага рынку. Усё гэта прывяло да натуральнага і рэзкага зніжэння збыту прадукцыі на рынках ключавых партнёраў Беларусі — Расіі, Украіны і Казахстана, усёй постсавецкай прасторы.

          Прэзідэнт звярнуў увагу, што за апошнія дваццаць гадоў сусветная эканоміка радыкальна змянілася і на змену індустрыяльнай эканоміцы ідзе эканоміка ведаў і паслуг. Ён нагадаў, што яна ўжо стала асновай у найбольш развітых дзяржавах свету, такіх як ЗША, краіны Еўрасаюза, Японія, Ізраіль, «азіяцкія тыгры», курс на яе будаўніцтва ўзяў і Кітай, які па праву мае статус «фабрыкі свету». «Перад намі стаіць такая ж задача. І, відаць, трэба прызнаць, што мы спазняемся з яе вырашэннем», — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

          Прэзідэнт лічыць, што ёсць і яшчэ адна прычына праблем: якасць і прадукцыйнасць працы, якія не заўсёды канкурэнтныя.Аляксандр Лукашэнка прызнаў, што гэта толькі схематычнае абазначэнне прычын цяперашняй сітуацыі, аднак, яно вельмі неабходна, таму што яснае разуменне вытокаў праблем дае магчымасць хутчэй знайсці шляхі іх вырашэння.

«Даючы дакладныя адказы на самыя вострыя пытанні людзей, сёння мала сказаць: мы ўтрымаем курс, стрымаем цэны і захаваем рабочыя месцы. Значна важней паказаць, як мы гэта зробім», — падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка лічыць непрымальным кабінетны стыль кіравання галінамі эканомікі. «Яшчэ раз хачу падкрэсліць: калі нехта ва ўрадзе хоча кіраваць з кабінета, гледзячы ў акно на плошчу, на чысціню вакол Дома ўрада, то гэта не той падыход. Так, урад у цэлым адказвае за эканоміку, але эканоміка, урад павінен аб гэтым помніць, робіцца перш за ўсё на прадпрыемствах», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што урад павінен з’яўляцца сур’ёзным рэгулятарам, які вызначае стратэгію і дабіваецца выканання гэтай стратэгіі, але пры гэтым кожны дзень унікаць у работу таго ці іншага прадпрыемства.

Прэзідэнт канстатаваў, што кожны павінен займацца сваёй справай і даваць вынік: урад кіраваць эканомікай у цэлым, міністры — галінамі, губернатары — рэгіёнамі, дырэктары — прадпрыемствамі.

Міністэрствы павінны заняцца галіновым рэгуляваннем: удасканальваць заканадаўства, распрацоўваць тэхналагічныя стандарты, забяспечваць спрыяльныя ўмовы для вядзення бізнесу, роўныя правы для ўсіх форм уласнасці. Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што галоўная асоба, якая адказвае за прадпрыемства, — гэта дырэктар.

Аляксандр Лукашэнка даручыў прапрацаваць магчымасць размяшчэння акцый вядучых прадпрыемстваў Беларусі на сусветных біржах.

На думку Прэзідэнта, трэба прыняць неабходныя рашэнні па новым механізме аказання дзяржпадтрымкі. Кіраўнік краіны  лічыць, што  дзяржаўная падтрымка павінна аказвацца толькі на конкурснай аснове, выключна ў ходзе рэалізацыі дзяржпраграм, з роўным доступам да рэсурсаў для арганізацый усіх форм уласнасці.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў. «Сутнасць простая — не прасіце больш грошай, па-гаспадарску выкарыстоўвайце тое, што ёсць. Усе скаргі на няхватку абаротных сродкаў, інвестыцый трэба спыніць. Грошы ў эканоміцы ёсць. Але многія прадпрыемствы амярцвілі іх у складскіх запасах, даўгабудах, дэбіторскай запазычанасці. Вось тут трэба шукаць фінансавыя рэсурсы!» — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што прадпрыемствы ў першую чаргу павінны арыентавацца на збыт прадукцыі і заключэнне дагавораў, больш актыўна разгружаць склады. «Акцэнт неабходна зрабіць на пашырэнні экспартнай карзіны за кошт высокатэхналагічных тавараў і паслуг, якія карыстаюцца попытам», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён перакананы, што трэба мяняць не толькі геаграфію экспарту, але і яго структуру.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у краіне трэба змяніць падыходы да продажу айчынных тавараў. «Кожнаму кіраўніку прадпрыемства неабходна зразумець: маркетынг, рэклама, прасоўванне тавару такія ж важныя, як вытворчасць, якасць, цана і сабекошт», — канстатаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што прыток валюты ў краіну павінен стаць галоўным клопатам і крытэрыем ацэнкі эфектыўнасці работы кіраўніцтва прадпрыемстваў. «Мы таксама павінны сур’ёзна падумаць аб тым, як зрабіць Беларусь прывабнай для багатых людзей з усяго свету. Даручаю ўраду, парламенту, Нацыянальнаму банку грунтоўна прааналізаваць сусветныя працэсы, што адбываюцца ў гэтай сферы, у тым ліку прааналізаваць заканадаўства, якое мы маем», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама даручыў унесці пакет сістэмных прапаноў па паўнацэнным фарміраванні і эфектыўным функцыянаванні фінансавага рынку і яго рэгулятара. «Трэба будзе актывізаваць работу па прыцягненні прыватных інвестыцый у вёску. Ураду неабходна стымуляваць інвестараў на аснове індывідуальнага падыходу да кожнага з іх пры продажы сельскагаспадарчых арганізацый», — сказаў беларускі лідар. Ён адзначыў, што не менш актуальнай задачай з’яўляецца ўкараненне ў сельскую гаспадарку найноўшых дасягненняў навукі і перадавой практыкі. «Беларусь практычна поўнасцю забяспечвае сябе прадуктамі харчавання, імпарт складае менш як 10 працэнтаў усяго аб’ёму спажывання, а экспартныя пастаўкі ажыццяўляюцца ў 50 краін свету. Тым не менш галіна мае патрэбу ў новых, больш эфектыўных метадах яе далейшага развіцця», — упэўнены кіраўнік дзяржавы. На яго думку, цяпер галоўнае — працаваць на прынцыпах самаакупнасці.

Як адзначыў Прэзідэнт, ва ўмовах скарачэння дзяржпадтрымкі важную ролю павінны адыграць такія механізмы, як канкурэнтны адбор і акупнасць праектаў, аднолькавы доступ да крэдытаў і іншых рэсурсаў, а таксама адказнасць за рэалізацыю і дасягненне намечаных паказчыкаў.

          Ураду разам з прадпрымальнікамі неабходна асаблівую ўвагу ўдзяліць развіццю малога і сярэдняга бізнесу. Гэта аснова працвітання любой эканомікі і стабільнасці дзяржавы, падкрэсліў Прэзідэнт.

          «Макраэканамічная стабільнасць — гэта залог нармальнага бізнесу. Зніжэнне інфляцыі для нас — прыярытэтная задача. Насельніцтва непакоіць менавіта рост цэн», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.Паводле яго слоў, асноўны шлях стабілізацыі цэн — скарачэнне сабекошту прадукцыі і паслуг, скарачэнне затрат з абавязковым захаваннем дасягнутага ўзроўню дабрабыту насельніцтва. Прэзідэнт даручыў ураду і Нацыянальнаму банку ўжо ў гэтым годзе выпрацаваць канкрэтную антыінфляцыйную праграму. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка даручыў дасканала выверыць і выбудаваць новую тарыфную палітыку ў сферы натуральных манаполій — у энергетыцы, чыгуначнай, авіяцыйнай, жыллёва-камунальнай галінах.

Аляксандр Лукашэнка патрабуе не дапускаць неабгрунтаванага росту цэн. «Цэны залежаць ад нас. І нам трэба раз і назаўсёды прыняць рашэнне — калі мы не можам сёння павысіць зарплату, то і не трэба яе павышаць. У нас яе ніхто не просіць павысіць. Але вы не забірайце другой рукой з кішэні народа грошы. Гэта значыць не павышайце цэны там, дзе можам кантраляваць, — на ЖКП, цяпло, святло», — падкрэсліў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, такі падыход неабходна захаваць як мінімум да канца года і паглядзець, якой будзе сітуацыя да 1 студзеня 2016 года.

Аб сацыяльнай палітыцы

«Мы заўсёды ішлі гэтым шляхам — шляхам прамой, шчырай размовы ўлады і народа. І ў далейшым не будзем адступаць ад гэтага правіла», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, цяпер набывае першараднае значэнне якасць работы з насельніцтвам, прымяненне новых форм і метадаў размоў з людзьмі. Павышэнню адкрытасці дзяржорганаў для ініцыятыў і зваротаў грамадзян служаць штотыднёвыя прамыя тэлефонныя лініі, якія ўвайшлі ў практыку.

«Асноўная мэта сацыяльнай палітыкі дзяржавы — дабрабыт народа, павышэнне ўзроўню і якасці яго жыцця. Клопат аб людзях розных пакаленняў, рэалізацыя прынцыпу сацыяльнай справядлівасці, увага да чалавека — гэта галоўнае для органаў улады», — лічыць кіраўнік дзяржавы.Мэта нашай дзяржавы і любой улады ў любой дзяржаве — гэта народ. Усё дзеля чалавека». Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што, нягледзячы на цяперашнія няпростыя ўмовы, бюджэт 2015 года, як і ў папярэднія гады, захоўвае сацыяльную накіраванасць.

Аптымізацыя дзяржапарату

          Прэзідэнт даручыў Нацыянальнаму сходу ў бліжэйшы час унесці канчатковыя праекты рашэнняў па аптымізацыі дзяржапарату, а таксама па статусе дзяржслужачага. У сучасным свеце, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, за прафесіяналаў ідзе барацьба, іх пераманьваюць і перакупляюць. «І калі мы не створым дастойныя ўмовы для работы кіраўнікоў, то лепшыя да нас проста не прыйдуць. Страчваць прафесіяналаў мы больш не можам, інакш прайграем у канкурэнтнай барацьбе замежным краінам».

Маладзёжная палітыка

2015 год аб’яўлены Годам моладзі. Гэта выклікана тым, што ў сучасных умовах павышаецца роля моладзі ў развіцці краіны. Шырокія магчымасці і энергія моладзі павінны быць накіраваны на карысць грамадства», — адзначыў кіраўнік дзяржавы. Паводле яго слоў, стрыжнем маладзёжнай палітыкі павінна быць выхаванне актыўнай грамадзянскай пазіцыі, фарміраванне высокіх маральных якасцей і культуры ў маладога пакалення. «Мы павінны дабіцца таго, каб кожны малады чалавек, які жыве ў Беларусі, быў упэўнены, што ён патрэбны сваёй краіне, што менавіта тут зможа рэалізаваць свае планы», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Увага да пажылых людзей

Дзяржава не пакідае без увагі пажылых людзей, якія ўнеслі свой уклад у развіццё краіны і выйшлі на заслужаны адпачынак. Як і раней, рост пенсійных выплат будзе залежаць ад росту зарплаты ў эканоміцы і магчымасцей дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. «Абавязак дзяржавы — захаваць суадносіны пенсій па ўзросце і сярэдняй заработнай платы на ўзроўні не менш як 40 працэнтаў, як гэта прынята ва ўсім свеце», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Таксама важная задача, адзначыў Прэзідэнт, — актыўны пошук новых рашэнняў па жыццеўладкаванні непрацаздольных грамадзян. «Ні адзін стары ў краіне не павінен быць пакінутым, нават калі ў яго недзе на Калыме жывуць дзеці і яны пра яго забылі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Дзеці і старыя — твар любой дзяржавы. Калі мы нармальна ставімся да дзяцей і старых, значыць, мы нармальная дзяржава, паколькі клапоцімся пра будучыню і пра тых, хто стварыў нашу краіну».

Адукацыя

Аляксандр Лукашэнка даручыў вырашыць праблему забеспячэння крокавай даступнасці дзіцячых садоў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на расходы ў сферы адукацыі штогод выдзяляюцца вялізныя бюджэтныя сродкі. «Неабходна, каб яны расходаваліся з максімальнай карысцю. Як паказвае практыка, цяпер у нас лішак кадраў пэўных спецыяльнасцей і ў той жа час у розных ВНУ функцыянуе мноства дубліруючых факультэтаў, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Нам патрэбна не колькасць, а сусветны ўзровень навучальных устаноў».

Моцная сям’я

Прэзідэнт адзначыў, што трэба замацаваць станоўчыя дэмаграфічныя працэсы. З 2013 года ў краіне адзначаецца прырост насельніцтва. У Беларусі істотна павышаны памеры сямейных дапамог. Створаны роўныя ўмовы для ўсіх катэгорый сем’яў, іх падтрымка ўзмацняецца з нараджэннем кожнага наступнага дзіцяці. Гэта і ў далейшым будзе заставацца нацыянальным прыярытэтам, запэўніў кіраўнік дзяржавы. На рэалізацыю гэтага прыярытэту і накіраваны ўказ аб увядзенні сямейнага капіталу. «Моцная сям’я, у якой выхоўваюцца як мінімум трое дзяцей, павінна стаць грамадскім ідэалам, сацыяльнай нормай», — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

СМІ

          Аляксандр Лукашэнка лічыць недазвольнай раскошай недаацэнку ўплыву СМІ на грамадства. Паводле яго слоў, першачарговая задача — засцерагчы грамадзян ад выкарыстання ў адносінах да іх маніпуляцыйных тэхналогій, не парушыўшы пры гэтым канстытуцыйнага права на атрыманне інфармацыі. Адначасова неабходна павышаць ролю СМІ ў фарміраванні пазітыўнага іміджу нашай дзяржавы на сусветнай арэне, упэўнены Прэзідэнт. У цяперашніх умовах асаблівую каштоўнасць набывае аператыўная і дакладная інфармацыя, адкрытая размова ідэалагічнага актыву з людзьмі, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Спорт

Спорт — гэта дух нацыі, і яго трэба ўсяляк падтрымліваць на самым высокім узроўні, упэўнены Прэзідэнт. У рэгіёнах краіны ўводзяцца сучасныя спартыўныя аб’екты, разгорнута шырокамаштабная работа па ўмацаванні іх матэрыяльнай базы, развіваецца айчынная фізкультурна-спартыўная індустрыя. Аднак беларускі лідар лічыць, што фізічную масавую культуру ў краіне яшчэ трэба развіваць.

Сацыяльнага ўтрыманства

Да сацыяльнага ўтрыманства трэба падыходзіць прадумана, з улікам усіх узнікаючых пытанняў, падкрэсліў Прэзідэнт. Большасць грамадзян выконвае свой канстытуцыйны абавязак, працуе і плаціць падаткі. Аднак некаторая частка працаздольных людзей не прымае ўдзелу ў фінансаванні дзяржаўных расходаў. Пры гэтым сацыяльнымі дабротамі карыстаюцца ўсе на аднолькавых правах. З пункту гледжання большасці людзей такі падыход несправядлівы, адзначыў Аляксандр Лукашэнка. «У мэтах забеспячэння выканання канстытуцыйнага абавязку грамадзян удзельнічаць у фінансаванні дзяржаўных расходаў шляхам выплаты падаткаў, пошлін і іншых плацяжоў па маім даручэнні распрацаваны і прыняты дэкрэт «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», — сказаў кіраўнік дзяржавы. Я ўжо даручыў Адміністрацыі і прашу распрацоўшчыкаў дэкрэта ўнікніце ў кожную заўвагу. Вывучайце, паглядзіце, каб мы не пакрыўдзілі нармальнага чалавека, — паставіў задачу Аляксандр Лукашэнка. — Мы не павінны дапусціць ніводнай памылкі. Інакш добрую справу пахаваем».

Культура

Патэнцыял беларускай культуры ў фарміраванні станоўчага іміджу краіны выкарыстоўваецца недастаткова, лічыць Прэзідэнт. Нам вельмі патрэбны высокага ўзроўню літаратура, жывапіс, спектаклі, кінафільмы, дзе было б таленавіта паказана жыццё нашай маладой суверэннай дзяржавы. “Сёння так не хапае твораў, якія фарміруюць і падтрымліваюць духоўныя каштоўнасці нашага народа, якія аб’ядноўваюць людзей, засцерагаюць іх ад хлусні, амаральнасці і бескультур’я. Мы ўкладваем вялікія грошы ў маладыя таленты і ў творчых людзей, якія маюць дастатковы вопыт. Але жаданай аддачы пакуль няма», — сказаў Прэзідэнт.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, трэба актывізаваць творчыя саюзы, каб яны нацэльвалі дзеячаў мастацтва на плённую працу, арыентавалі на высокі эстэтычны ўзровень і процістаялі пошласці і бездухоўнасці.

У выступленні Прэзідэнта былі разгледжаны пытанні аб рабоце парламента, прыняцці абноўленага закона аб барацьбе з карупцыяй, распрацоўцы заканадаўчых актаў па прымусовым лячэнні наркаманаў і інш.

Гаворачы пра знешнюю палітыку, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, штоБеларусь займае паслядоўную міратворчую пазіцыю і выступае за адмену санкцый і абмежаванняў у міжнародным супрацоўніцтве. Наша дзяржава  ганарыцца выдатнымі адносінамі з Расіяй, Кітаем, Індыяй, наладжваннем адносін з ЕС, а таксама Расіяй і краінамі ЕАЭС. Прэзідэнт  таксама адзначыў, што неад’емнай часткай нашай стратэгіі з’яўляецца далейшае нарошчванне ўзаемадзеяння з рэгіёнамі Расіі, умацаванне і прымнажэнне напрацаваных сувязей з імі.

Па матэрыялах БЕЛТА

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *