Ёсць людзі, якія не аддзяляюць сваё асабістае жыццё ад лёсу роднай краіны, свайго горада ці вёскі. Яны заўсёды знаходзяцца ў вадавароце грамадскай дзейнасці, у самай гушчы падзей. Да такога тыпу людзей адносіцца і жыхарка вёскі Новае Высокае Ніна КАМКОВА.

На працягу амаль што трыццаці пяці гадоў Ніна Аляксееўна актыўна ўдзельнічае ў выбарчых кампаніях. У час выбараў яна не раз выязджала ў суседнія вёскі Будкі, Паўлаўку, каб кожны жыхар, нават самы састарэлы і нядужы, змог аддаць свой голас за таго ці іншага кандыдата. Пастаянны член участковай выбарчай камісіі, яна лічыць, што ад кожнага з нас залежыць тое, якім будзе будучае нашых дзяцей і ўнукаў.
– Кожны раз, калі мы выбіраем Прэзідэнта, я вельмі хвалююся, – кажа Ніна Аляксееўна, – таму што так хочацца, каб нашым людзям, сяльчанам і гаражанам, жылося яшчэ лепш. Каб у кожнага была добрая работа, годны заробак, уласнае жыллё… Каб вакол асабістых падворкаў радавалі вока кветкі, каб прыгожымі і добраўпарадкаванымі былі нашы хаты і вуліцы… А яшчэ, каб менш было п’яных, каб бацькі глядзелі дзяцей, а не зазіралі ў чарку… Вельмі хочацца, каб шчаслівымі былі нашы дзеці і ўнукі.
Ірына ДАРЫНА
