Дваццаць пяць гадоў працы як адзін дзень


Толькі тым, хто сваёй штодзённай працай дамагаецца прыбаўлення кожнага грама ў вазе ці літра малака, вядома, чаго гэта варта.

Захарченко-Лариса
Не адзін дзясятак гадоў працуе даяркай у КСУП «Скараднянскі» Ларыса ЗАХАРЧАНКА і, дзякуючы ўмеламу падыходу і працавітасці, дамагаецца добрых вынікаў.
Прайшло ўжо нямала гадоў, калі Ларыса Фёдараўна ўпершыню пераступіла парог фермы. Дваццаць пяць гадоў прайшло і пасля таго, як яна набрала сваю першую групу кароў. Увесь гэты час жанчына старалася быць толькі на добрым рахунку – і ёй гэта заўсёды ўдавалася. Ужо некалькі гадоў запар Ларыса Фёдараўна ад каровы атрымлівае звыш 6 тысяч кілаграмаў малака ў год.

– Сельскае жыццё спазнала з дзяцінства. А з 1990 года пачала працаваць у КСУП «Скараднянскі» даяркай, – расказвае пра свае працоўныя будні Ларыса Захарчанка. – Працую тут і па сённяшні дзень. Але скора ўжо збіраюся ісці на заслужаны адпачынак, хаця яшчэ просяць папрацаваць. Цяжкая праца на ферме. Трэба ўставаць ні свет ні зара, ды і кладзешся адпачываць пасля вячэрняй дойкі позна. Адразу было вельмі цяжка, але потым прывыкла.

Прыходзім на працу загадзя, каб атрымаць корм, падрыхтаваць станкі перад дойкай, прывязаць жывёл. У гэта ўсё трэба проста ўцягнуцца, а самае галоўнае – палюбіць жывёл, сваю працу, тады яна не будзе здавацца такой цяжкай. Я ведаю ўсіх сваіх кароў (а іх у мяне цяпер сорак пяць), у кожнай ёсць свая мянушка. У кожнай кароўкі і свой характар – ёсць і спакойныя, як мае любімыя Ластаўка і Люся, ёсць, вядома, і свавольныя, якія нават б’юцца. Люся, мая любіміца, дае ў дзень па 30 літраў. Бачыце, жывёлы як людзі: усё адчуваюць, усё разумеюць.

У паўсядзённым жыцці Ларыса Фёдараўна вельмі простая і сціплая. Яе мэтанакіраванасці і працаздольнасці можна толькі па-добраму пазайздросціць. Размаўляючы з намі, яна ні на секунду не адрывалася ад працы – ішла дзённая дойка.

У вольны ад працы час Ларыса Захарчанка займаецца хатняй гаспадаркай, якая ў яе немаленькая: і кароўка, і парсючок, і птушачкі свае ў двары адгукваюцца на кліч ветлівай гаспадыні. Жыццёвыя перыпетыі Ларыса Фёдараўна дзеліць са сваім мужам, які таксама працуе на сельгаспрадпрыемстве. У мужа і жонкі выраслі выдатныя дзеці, якія хоць і жывуць асобна, але пра маці і тату не забываюць. Дзеці ў сям’і Захарчанкаў – прадмет іх гонару.

У час нашай размовы Ларыса Фёдараўна шмат усміхалася, мабыць, характар у яе такі жвавы. Здаецца, нагода пажартаваць у гэтай выдатнай жанчыны заўсёды знойдзецца. Хутчэй за ўсё, у гэтым і ёсць яе жыццёвая мудрасць – калі аптымістычна глядзіш на рэчы, жыць значна прыемней.

Васіль САКУЛА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *