Новыя падыходы ў барацьбе з праблемай курэння

Актуальное

Паводле слоў Прэзідэнта, у Беларусі праблема спажывання тытунёвых вырабаў застаецца сур’ёзнай. Нягледзячы на меры, што прымаюцца, у краіне курыць амаль палавіна мужчынскага насельніцтва, усё часцей гэту згубную прывычку мае моладзь. Так, электронныя цыгарэты, якія становяцца ўсё больш папулярнымі сярод моладзі, прыцягваюць сваёй незвычайнасцю, даступнасцю, адсутнасцю інфармацыі аб шкодзе іх выкарыстання.

Dejar-un-habito
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што падставай для гэтай размовы стаў праект дэкрэта, які ўнесены на яго разгляд. Новым праектам дэкрэта, у прыватнасці, прапануецца прыраўнаваць электронныя цыгарэты да тытунёвых вырабаў і пашырыць пералік месц, у якіх курэнне забараняецца.
Міністр аховы здароўя Васіль Жарко на нарадзе расказаў, што спажыванне тытуню наносіць істотную шкоду здароўю грамадзян. Па яго словах, у 2015 годзе смяротнасць мужчын працаздольнага ўзросту перавышала значэнне аналагічнага паказчыку ў жанчын у 4 разы. А па асобных прычынах – хваробы сістэмы кровазвароту, злаякасныя новаўтварэнні – да 7 разоў. У тытунёвым дыме знаходзіцца больш за 90 вядомых канцэрагенаў і каля 250 таксічных злучэнняў, адзначыў Васіль Жарко.

Па выніках нарады Прэзідэнт у цэлым падтрымаў праект абноўленага дэкрэта.

Што плануецца змяніць

* Будзе ўрэгуляваны абарот і выкарыстанне электронных сістэм курэння.

* Плануецца, што новы дэкрэт па ўсіх аспектах прыраўнуе электронныя цыгарэты, у тым ліку адносна іх продажу і рэкламы, да звычайных тытунёвых вырабаў.

* Чакаецца ўвядзенне забароны на спажыванне і абарот некурыльных жавальных сумесей.

* Праектам дэкрэта ўдакладняецца парадак продажу, строга рэгламентуюцца месцы для курэння.

* У аб’ектах гандлю, бытавога абслугоўвання насельніцтва і грамадскага харчавання курыць можна будзе толькі ў спецыяльна абсталяваных для гэтага памяшканнях.

* Прэзідэнт таксама падтрымаў прапанову, каб да канца 2017 года рэалізацыя тытунёвых вырабаў з дапамогай надкасавага абсталявання ў арганізацыях гандлю плошчай ад 1 тыс. кв. м і больш была спынена. Для гэтага трэба будзе абсталяваць спецыяльныя боксы або аддзелы магазінаў. А да канца 2020 года гэту меру прапануецца ўкараніць ва ўсіх магазінах.

Медыцынскі аспект

Доля курцоў сярод анкалагічных хворых складае 84,5 %, хворых на сардэчна-сасудзістыя захворванні – 80 %, туберкулёз органаў дыхання – 77,1 %, хранічныя неспецыфічныя захворванні глоткі, гартані, бронхаў і лёгкіх – 83 %.

Курэнне з’яўляецца абсалютна даказаным фактарам рызыкі развіцця злаякасных новаўтварэнняў шэрага лакалізацый (губы, гартані, трахеі, лёгкіх, страўніка і іншых). Паводле даных СААЗ, тытунекурэнне правакуе 90 працэнтаў смерцяў ад раку лёгкіх, хранічнага бранхіту і ішэмічнай хваробы сэрца. Колькасць памерлых ад злаякасных новаўтварэнняў у 2015 годзе, паводле даных Белстата, склала 17 тыс. 456 чалавек. Сярод памерлых ад усіх новаўтварэнняў колькасць смерцяў, звязаных з курэннем тытуню, складае 25–30 %.

У тых, хто часта падпадае пад шкоднае ўздзеянне тытунёвага дыму, рызыка развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў вышэйшая на 60 %. Як актыўнае, так і пасіўнае курэнне асацыіруюцца з паскораным развіццём атэрасклерозу. Пры пасіўным курэнні ў сям’і рызыка развіцця раку лёгкіх у мужа або жонкі, якія не кураць, павышаецца на 10–20 %. Аналагічная сітуацыя назіраецца на рабочым месцы, а таксама ў людзей, якія пастаянна падпадаюць пад уздзеянне тытунёвага дыму курцоў.

Паводле даных Міністэрства аховы здароўя, за апошнія гады колькасць курцоў у Беларусі зменшылася на 14 працэнтаў. Разам з тым, медыкі занепакоены ростам спажывання тытуню сярод падлеткаў.

Міжнародны вопыт

У Фінляндыі поўнасцю забаронена курэнне ў грамадскіх месцах, рэклама тытунёвых вырабаў, спонсарства і іншыя акцыі тытунёвых вытворцаў. Забаронены продаж тытунёвых вырабаў праз інтэрнэт. З 1 студзеня 2012 года тытунёвыя вырабы прыбраны з прылаўкаў магазінаў і кіёскаў і заменены лічбавымі табло. За апошнія 50 гадоў колькасць курцоў у Фінляндыі знізілася з 70–75 % да 18 %. У цэлым улады рэспублікі ставяць перад грамадскасцю задачу стаць да 2040 года краінай, якая не курыць.

Строгія меры ў частцы адказнасці за курэнне ў грамадскіх месцах прыняты ў Катары, дзе гэта дзеянне караецца штрафам у эквіваленце прыкладна ад $55 да $136. Іншыя парушэнні катарскага заканадаўства ў гэтай сферы прыводзяць да штрафу да $1 тыс. 360, караюцца турэмным зняволеннем на тэрмін да 6 месяцаў або іншымі мерамі. У выпадку паўторных парушэнняў сума штрафу або тэрмін зняволення падвойваюцца.

Строгія меры адказнасці прымяняюцца таксама ў Рэспубліцы Карэя, Балгарыі.

У Аўстраліі ўведзена забарона на курэнне ў грамадскіх месцах і грамадскім транспарце. Парушэнне гэтага абмежавання караецца штрафам у памеры каля $430.

Забарона на выкладку тытунёвых вырабаў у гандлёвых аб’ектах дзейнічае ў Ісландыі, Канадзе, Ірландыі, Тайландзе, Аўстраліі, Балівіі, Маўрыкіі, Нарвегіі, Фінляндыі, Вялікабрытаніі (за выключэннем Шатландыі).

У большасці краін Еўропы доля дарослага насельніцтва, якое курыць штодзень, знаходзіцца ў межах 20–30 %. У Латвіі, Літве, Польшчы і Украіне ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння склаў 25 – 30 %. У Беларусі, паводле даных сацыялагічнага даследавання 2015 года, курыць амаль 28 %.

Самы нізкі сярод краін Еўропы ўзровень распаўсюджанасці штодзённага курэння адзначаны ў Швецыі (11 працэнтаў), Ісландыі (12), Вялікабрытаніі (14), самы высокі – у Аўстрыі (44), Грэцыі (36) і Расіі (33).

Па матэрыялах БелТА



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *