Будні сельскага фельчара з Багуціцкага фельчарска-акушэрскага пункта

Личности

Фельчар Багуціцкага фельчарска-акушэрскага пункта Таццяна Белая робіць усё магчымае, каб яе пацыенты хварэлі як мага радзей. І робіць гэта паспяхова на працягу ўжо больш дваццаці гадоў.

Фельчар мясцовага ФАПа родам з Багуціч, цяпер пражывае ў Мазыры, але на працу ездзіць у родную вёску. Таццяна Мікалаеўна з’яўляецца сапраўднай захавальніцай здароўя людзей, якія пражываюць у трох населеных пунктах – Забоззі, Вішаньках і Багуцічах.
У сельскага медыка, зрэшты, як і любога іншага, клопату нямала: прыём пацыентаў, афармленне дакументаў, абходы, кансультацыі… На дзвярах ФАПа – сціплы надпіс: «Выхадны – нядзеля». На гадзінніку 9 раніцы, а Таццяна Мікалаеўна ўжо прыняла некалькі чалавек: каму ціск вымерала, каму параіла горла падлячыць. Усяго пад яе патранажам каля 170 чалавек.
Большасць вяскоўцаў, якія жывуць на ўчастку, што абслугоўвае Багуціцкі ФАП, пажылыя людзі. Мясцовая жыхарка Любоў Прышчэп у фельчарска-акушэрскі пункт прыходзіць амаль кожны дзень. Кажа, вельмі зручна, што лячэбная ўстанова ёсць у вёсцы. Можна і ціск вымераць, і ўкол паставіць амаль каля самой хаты, і лекі патрэбныя купіць. Па словах пенсіянеркі, вяскоўцам вельмі пашанцавала і з фельчарам: яна ніколі не лічыцца з асабістым часам – заўсёды наведвае хворага па першым званку.
– Я бачу, што людзі ва мне маюць патрэбу, таму кожны раз прыходжу на працу са шчырым жаданнем працаваць, – кажа загадчыца ФАПа.
Абслугоўваючы выклікі на дом, Таццяна Белая, асабліва калі прыязджае да пажылых вяскоўцаў, ніколі не абмяжоўваецца сваімі службовымі абавязкамі:
– Такому чалавеку, акрамя лекаў, вельмі патрэбна ўвага. Паверце, я гэта ўжо ведаю і заўсёды імкнуся выкраіць пару–тройку мінут для гутаркі. Аўтатранспарту ў медыка няма. Узімку, позняй восенню і ранняй вясной, калі дажджліва і мокра, Таццяна Мікалаеўна ходзіць пешкі. А ўлетку ратуе веласіпед. Калі выклік патрабуе неадкладнай дапамогі медыкаў, то ў вёскі выязджае хуткая дапамога з горада.
Адным з найважнейшых накірункаў сваёй працы Таццяна Мікалаеўна лічыць дыспансерызацыю:
– Для чалавека гэта рэальны шанс ацаніць стан здароўя, а для нас, медыкаў, – распазнаць сур’ёзнае захворванне тады, калі сітуацыю яшчэ можна выправіць. Раз у квартал да нас прыязджаюць дактары з раённай бальніцы, бяруць аналізы, робяць кардыяграму і флюараграфію. А потым ставяць дыягназ і прызначаюць лячэнне. Хтосьці прыходзіць сам, кагосьці падвозіць на абследаванне машына сельскага Савета. І мне толькі застаецца падтрымліваць здароўе пацыентаў і назіраць за выкананнем рэкамендацый спецыялістаў. Гэта вельмі зручна, таму што ва ўмовах ФАПа я магу толькі зрабіць укол, вымераць ціск ці даведацца пра ўзровень цукру ў крыві.
Загадчыца ФАПа пра здароўе сваіх падапечных ведае калі не ўсё, то амаль усё. За гэтыя гады падлеткі, якія былі калісьці яе пацыентамі, выраслі, самі ўжо сталі мамамі і татамі і прыводзяць да яе сваіх дзяцей.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *