Дзіцячы дом сямейнага шчасця

Личности

Бачачы, як шматдзетныя сем’і засяляюцца ў новыя дамы і кватэры, многія адчуваюць пачуццё зайздрасці, а часам нават раздражнення. Маўляў, нараджаюць ці набяруць дзяцей дзеля бясплатных кватэр і дапамог і жывуць потым за іх кошт.

Прыёмныя ж бацькі і не спрабуюць даказваць акружаючым, чаго на самай справе варта паставіць на ногі сваіх і чужых, якія сталі сваімі, дзяцей. Яны спакойна і ўпэўнена робяць сваю святую справу, дорачы дзецям, абдзеленым лёсам, сваю бацькоўскую любоў і пяшчоту, як робяць гэта ў прыёмнай сям’і Таццяны Сінгаеўскай і Анатоля Семяненкі ў аграгарадку Дабрынь.
На сённяшні дзень у гэтай вялікай сям’і выхоўваецца сямёра прыёмных і адзін свой родны сын Даніл. Праўда, усяго некалькі дзён назад прыёмных было дзевяць: дзвюх дзяўчынак давялося аддаць родным бацькам, якія, хочацца верыць, сталі на шлях выпраўлення.
– Усіх у нашай сям’і цяжка пералічыць, – усміхаючыся, прызнаецца «вялікая мама», як называюць яе дзеці, Таццяна Паўлаўна. – Часта нават забываюся, хто ў нас родны, а хто – прыёмны. Родныя Алёна, Вольга і Сяргей – ужо дарослыя. У нас ужо ёсць тры ўнучачкі, хутка павінна яшчэ немаўлятка нарадзіцца. Усыноўленыя – Коля, навучэнец Калінкавічскага аграрнага каледжа, Жэня, навучэнка вучылішча алімпійскага рэзерву, і адзінаццацікласніца Таня. Прыёмныя Яна і Уладлен – студэнты, Аксана і Яўген – ужо дарослыя. Сярод тых, хто жыве зараз з намі, самаму старэйшаму – 15 гадоў, а самаму маленькаму сыночку – 8 месяцаў. Пяцігадовы Лёшка і чатырохгадовы Максім Бурмель займаюцца ў раённым цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Іх сястрычка Ірына Цалка вучыцца ў 5 класе сярэдняй школы №1 г. Ельска. Чатырнаццацігадовы гарэза Жэня Каваленка – наш Рыжык – выхоўваецца ў нашай сям’і сёмы год. Чатыры гады ў нас ужо Артур Малец, якому 15 гадоў, тры гады жыве з намі Сяргей Крапіўніцкі, сямікласнік Дабрынскай сярэдняй школы. Сярожка і наш родны сын Данік – вядомыя нашы футбалісты. Самы маленькі – васьмімесячны Колька Шаўцоў – у нас толькі адзін месяц. Нядаўна забралі ў родную сям’ю дзяўчынак Насцю і Кацю. Хочацца верыць, што там яны атрымаюць бацькоўскую ласку.
У той момант, калі дзеці вяртаюцца са школы ці збіраюцца на выхадныя (а прыязджаюць сюды і тыя, хто ўжо вырас і стаў дарослым), светлы ўтульны дом сям’і Таццяны Сінгаеўскай і Анатоля Семяненкі ператвараецца ў сапраўдны вулей: гул дзіцячых галасоў, вясёлы смех і крыкі. Далятаюць з усіх бакоў, нібы пазыўныя – «мама», «мама». Незнаёмаму чалавеку ў гэтым дзіцячым роі складана аддзяліць родных дзяцей ад прыёмных, тым больш, што ўсе яны называюць боцькоў «мама» і «тата». Ды і самі бацькі дзяцей не падзяляюць і ставяцца да ўсіх аднолькава.
Магчымасць называцца мамай Таццяне Паўлаўне дасталася няпроста. З кожным прыёмным дзіцём ёй давялося з’есці не адзін пачак солі і заесці яе не адной лыжкай дзёгцю. Жанчына гаворыць, што сакрэт добрых адносін з дзецьмі заключаецца ў любові і строгасці.
Шматдзетная мама атрымлівае асалоду ад кожнай хвіліны, праведзенай з сям’ёй. І нават, калі дзеці вырастуць, выйдуць у самастойнае жыццё, а іх месца зоймуць іншыя, якія маюць патрэбу ў цяпле і клопаце, Таццяна Паўлаўна ўсё роўна застанецца для іх мамай. Яна зноў будзе радавацца іх перамогам, перажываць за няўдачы і чакаць у іх агульным доме – дзіцячым доме сямейнага шчасця.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *