Гандлёвыя кропкі на колах працуюць на Ельшчыне

Общество

Жыхары вёскі Багуцічы, пачуўшы ў вызначаны час працяжны гудок аўтамабіля, спяшаюцца выйсці са сваіх падворкаў на вуліцу. Яны добра ведаюць: да іх едзе аўталаўка Ельскага райспажыўтаварыства.

У Багуцічах магазін ёсць, аднак прадаўца ў яго ніяк не могуць знайсці. Раўнацэннай альтэрнатывай невялікай сельскай краме стаў магазін на колах.

— Тры разы на тыдзень прыязджае да нас аўталаўка, — гаворыць жыхарка вёскі і стараста Зінаіда Грыневіч. – Тут ёсць усе неабходныя прадукты. А калі што іншае спатрэбіцца, то і заказаць можна. Прадаўцы на аўталаўках добразычліва ставяцца да кожнага пакупніка.

Акрамя шырокага выбару тавараў і добрых адносін да кліентаў, магазіны на колах маюць яшчэ пару важкіх плюсаў. Праязджаючы па вёсцы, аўталаўка робіць некалькі прыпынкаў. Безумоўна, гэта вельмі зручна для пажылых людзей. Таксама сучаснае абсталяванне – халадзільнікі і маразільнікі – дазваляе правільна захоўваць прадукты харчавання і значна пашыраць асартымент.

— Асаблівым попытам карыстаюцца ў нас хлеб, малочныя прадукты, каўбасы, — расказвае прадавец аўталаўкі Людміла Саўчук. – Зараз добра ідуць фрукты: хурма, апельсіны, бананы. Пажылыя вяскоўцы з задавальненнем набываюць цукеркі, зефір, пячэнне, пранікі.

Праехаўшы Багуцічы, аўталаўка накіравалася далей па маршруце, дзе яе чакаюць і ў многіх іншых вёсках.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *