Аператар машыннага даення КСУП «Скараднянскі» Ірына Астапенка любіць сваю справу

Сельское хозяйство

Складанасці ў прафесіі і няпросты графік Ірыну Астапенка, аператара машыннага даення КСУП «Скараднянскі», ніколькі не палохаюць: яна ўсё паспявае і на ферме, і дома.

У жывёлагадоўчую галіну Ірына Астапенка прыйшла дзесяць гадоў назад. Пасля гэтага ў працоўнай кніжцы практычна адзін запіс – пра прыём на працу аператарам машыннага даення. Гэта толькі на паперы ўсё выглядае проста, а на справе за гэтым фактам крыецца цяжкая праца… Дзень пры дні, без свят і практычна без выхадных. Штодзень на ферме трэба напаіць і накарміць кароў, падаіць іх, вычысціць кармушкі. Працэс гэты бясконцы.
На ферме «Валаўск» Ірыну Іванаўну з нецярпеннем чакаюць 50 рагуль – кожная са сваім характарам, звычкамі. Жанчына расказвае:
– Любая жывёліна любіць добры падыход і ласку. Ты да іх добра ставішся – і яны табе адказваюць тым жа. Ва ўсіх імёны ёсць: вось Разумніца, гэта Лада, мая любіміца, гэта Бязрожка… Мянушкі даём па характары. Малачко мае падапечныя даюць добра, калі 800 літраў у дзень, калі 900. Усё залежыць ад пары года і ад таго, у запуску карова ці не, і гэтак далей. Ад якасці надоенага малачка залежыць зарплата.
Пасля даення і ўборкі Ірына Астапенка спяшаецца дахаты: там чакае сям’я, трэба паспець і па гаспадарцы.
Работа на ферме – гэта вельмі цяжкая праца, але вяскоўцы не маюць звычкі жаліцца і чакаць манны з нябёсаў. Закасваюць рукавы, апранаюць боты – і наперад. Нягледзячы на штодзённыя нагрузкі і складанасці на працы і дома, Ірына Астапенка ўлюбёна ў сваю справу, добрасумленна і якасна выконвае прафесійныя абавязкі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *