Кукурузу ў Беларусі плануюць убраць да 7 лістапада

Новости Гомельщины Общество Сельское хозяйство

Кукурузу ў Беларусі плануюць убраць да 7 лістапада, цукровыя буракі — да 10 лістапада, паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.

«Задачы, якія паставіў кіраўнік дзяржавы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы пастараюцца выканаць якасна і ў кароткія тэрміны. Нам засталося ўбраць 79 тыс. га кукурузы на зерне. Штодзённа ўбіраецца каля 7 тыс. га. Задача ўбраць кукурузу да 7 лістапада будзе выканана. Таксама засталося 30 тыс. га цукровых буракоў. Плануецца да 10 лістапада завяршыць уборку і арганізаваць пастаўку на цукровыя камбінаты. Па пад’ёме зябліва хацелася б адзначыць, што тэмпы ў два разы вышэйшыя, чым у мінулым годзе, і пры гэтым заарана на 60 тыс. га больш зямлі», — сказаў Уладзімір Гракун. Ён падкрэсліў, што ўраджай у многім залежыць ад агратэхнікі, падрыхтоўкі глебы. «Падрыхтоўка глебы заўсёды стрымлівала веснавыя палявыя работы. Таму наша задача — максімальна выканаць пад’ём зябліва да ўстойлівых замаразкаў. Тэмпы работ павялічаны. Пастаўлена задача, што энерганасычаныя трактары павінны ўключыцца ў работу», — праінфармаваў ён.

Намеснік міністра падкрэсліў, што аграрыі прывыклі да любых умоў надвор’я. «Пры любым надвор’і мы забяспечваем харчовую бяспеку, у нас ёсць збожжа ў засеках, выкананы дзяржаўны заказ. Мы атрымалі ў дастатковай колькасці бульбу, агародніну, нарыхтавалі кармы для грамадскага пагалоўя жывёлы», — адзначыў намеснік міністра.

Асеннія палявыя работы актыўна вядуцца і ў Ельскім раёне. На палетках сельгаспрадпрыемстваў вядзецца ўзворванне глебы, падяходзяць да завяршэння работы па ўборцы кукурузы. На раніцу 28 кастрычніка на сілас на Ельшчыне ўбрана больш за 90 % кукурузы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *