Саюзная дзяржава: міжнародныя кантакты. У гонар сапраўднага паэта

Культура Общество

Міжнародная анлайн-сустрэча, прысвечаная памяці выдатнага рускага паэта, перакладчыка Уладзіміра Сарочкіна, аб’яднала разам напярэдадні яго дня нараджэння беларускіх і рускіх калег, родных і сяброў, навукоўцаў і супрацоўнікаў бібліятэк Расіі і Беларусі, а таксама прыхільнікаў таленту сапраўднага майстра мастацкага слова.

Галоўнай падзеяй міжнароднай сустрэчы стала прэзентацыя электроннага праекта «Дні, як кнігу прагартаеш…”, прысвечанага памяці паэта, створанага на рэсурсах галоўнай кніжнай скарбніцы Браншчыны  – абласной універсальнай бібліятэкі імя Ф.І. Цютчава. Супрацоўнікі гэтай установы культуры пасля смерці выдатнага рускага паэта пастараліся сабраць як мага больш звестак пра яго жыццёвы  і творчы шлях. Разам з тым, цікавы пазнавальны праект, безумоўна, будзе дапаўняцца новымі матэрыяламі, звесткамі. Тым больш, што ва Уладзіміра Яўгенавіча было шмат творчых кантактаў не толькі ў Расіі, але і з Беларуссю, Украінай.

Так сталася, што апошняй прыжыццёвай кнігай выдатнага творцы стаў зборнік паэтычных перакладаў з розных моў свету, у тым ліку і твораў паэзіі беларускіх аўтараў “Залатая ладдзя”. Менавіта яго і паэтычны зборнік “Божае калясо” Уладзімір Сарочкін яшчэ ў верасні 2021-га  прэзентаваў  у Гомелі, Тураве і Жыткавічах, у межах двух фестываляў – “Славянскія літаратурныя дажынкі” і “На зямлі Кірылы Тураўскага”. Беларусаў і беларускую мову, Гомельшчыну Уладзімір Яўгенавіч асабліва любіў,  падтрымліваў пісьменнікаў-гамяльчан, перакладаючы, а затым як галоўны рэдактар друкуючы,  іх новыя творы ў альманаху “Літаратурны Бранск”. Дзякуючы ў тым ліку і яго падтрымцы, на гомельскай зямлі  за апошнія 15 гадоў знайшлі прапіску цудоўныя літаратурныя акцыі і фестывалі славянскага гучання, нараджаліся сумесныя праекты, у якіх удзельнічалі гомельскія і бранскія паэты, празаікі, публіцысты і драматургі. Не выпадкова і адну з апошніх прыжыццёвых творчых узнагарод  – памятны медаль “Кірыла Тураўскі. Асветнік. За ўклад у літаратуру” – Уладзімір Яўгенавіч  атрымаў менавіта на малой радзіме Кірылы Тураўскага. А калі ж паэта не стала, пасмяротна яму была прысуджана перамога міжнароднага літаратурнага конкурсу “Пераадоленне”, арганізаванага ў горадзе над Сожам…

Цёплыя словы ў адрас так рана пайшоўшага з жыцця сябра і калегі ў час анлайн-сустрэчы выказалі кіраўнік Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Уладзімір Рэшатнёў, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч, гомельскія пісьменнікі-супрацоўнікі абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна Алег Ананнеў і Наталля Шэмяткова, старшыня Магілёўскага абласнога аддзялення СПБ Алесь Казека, бранская паэтэса Вольга Шаблакова, а таксама вучоныя-даследчыкі творчасці У.Я.Сарочкіна, прадстаўнікі Бранскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Ф.І. Цютчава. Дачка паэта, Марына Уладзіміраўна, выказала ўсім шчырую падзяку за памяць аб бацьку. Размова ішла і аб разгортванні шматграннай працы па ўвекавечванні імя сапраўднага майстра рускага слова і прапаггандыста славянскага яднання, а таксама далейшым творчым супрацоўніцтве паміж пісьменнікамі і вядучымі абласнымі бібліятэкамі дзвюх краін у межах Саюзнай дзяржавы Беларусь-Расія.

21 студзеня бранскаму літаратару, аўтару шматлікіх паэтычных зборнікаў, арганізатару і актыўнаму ўдзельніку многіх міжнародных і ўсерасійскіх праектаў-конкурсаў, фестываляў, дэкад, настаўніку пачаткоўцаў і шматгадоваму кіраўніку Бранскай абласной пісьменніцкай арганізацыі Саюза пісьменнікаў Расіі У.Я.Сарочкіну споўніўся б толькі 61 год. 14 лістапада 2021 года яго сэрца было разбіта інсультам. Пахаваны паэт і культурны дзеяч Расіі на Цэнтральных могілках у г. Бранску.

Мікалай ІГНАТОВІЧ

 

Для сувязі з аўтарам

+375 44 7108928

Гаўрыловіч У.М

246028, Гомель, Ландышава, дом 14, кв. 12



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *