«Зямля – наш агульны дом» – унікальны беларуска-рускі праект пісьменнікаў

Культура Общество

«Зямля – наш агульны дом» – унікальны беларуска-рускі праект –завяршыўся выданнем двух тамоў анталогіі сучаснай сусветнай паэзіі і прэзентаваны 15 лістапада беларускаму чытачу ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У.І. Леніна

 

.

Развіццё міжнародных творчых кантактаў і ўзаемадзеянне ўсёй пісьменніцкай супольнасці Беларусі і Расіі, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці, з мэтай павелічэння ролі сучаснай літаратуры ў выхаванні падрастаючага пакалення, у імя захавання міру і нацыянальна-культурных традыцый – адзін з важных кампанентаў у рабоце Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, Саюзаў пісьменнікаў Беларусі і Расіі. У ліку асноўных напрамкаў – папулярызацыя творчасці пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў Беларусі і Расіі (шляхам стварэння сумесных зборнікаў, размяшчэнне твораў пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў друкаваных і электронных СМІ, сумесныя прэзентацыі, канферэнцыі, сумесныя літаратурныя конкурсы і форумы для творчай моладзі і інш.), а таксама мастацкія пераклады (адраджэнне школы паэтычнага перакладу, прафесійнае станаўленне перакладчыкаў, перш за ўсё, са славянскіх моў). Яркія прыклады гэтай дзейнасці прысутнічаюць у працы як кіраўніка, так і ўсяго Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і партнёраў аддзялення – рэгіянальных грамадскіх творчых арганізацый і мясцовых беларускіх нацыянальна-культурных аўтаномій Расійскай Федэрацыі.
У бягучым месяцы завершаны чарговы міжнародны праект “Зямля – наш агульны дом», у рэалізацыі якога сумесна актыўна працавалі беларускія і рускія пісьменнікі, якія выступілі ў ролі перакладчыкаў. Амаль год працы завяршыўся выданнем двух тамоў анталогіі сучаснай сусветнай паэзіі. Іх на днях прэзентавалі ў Гомельскай абласной універсальнай бібліятэцы імя У. І. Леніна.
Адкрываючы міжнародную прэзентацыю, старшыня абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» Уладзімір Гаўрыловіч падкрэсліў, што «Зямля – наш агульны дом» – сапраўды незвычайны беларуска-рускі праект, які падводзіць вынікі 10-гадовага супрацоўніцтва гомельскіх і растоўска-краснадарскіх літаратараў.
– У межах плённага супрацоўніцтва пісьменнікаў Гомельшчыны і Беларусі з літаратарамі Расіі ў рамках міжнародных фестываляў-пабрацімаў «Славянскія літаратурныя Дажынкі» (Гомель) і «Берагі дружбы» (Растоўская вобласць) выдадзена больш за 70 зборнікаў паэтычных перакладаў, з іх 10 кніг на беларускай мове, – адзначыў далей заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, член праўлення і Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, старшыня Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі», кіраўнік міжнароднага праекта перакладаў «Берагі дружбы» па Беларусі. – Толькі дзякуючы шматгадоваму ўдзелу ў міжнародных сумесных перакладчыцкіх праектах не толькі ў нашым абласным аддзяленні больш за два дзясяткі літаратараў дасягнулі ўзроўню прафесійных перакладчыкаў, але і развіваюцца школы перакладу сярод паэтаў у Гродне, Магілёве, да перакладчыцкага працэсу ўсё больш актыўна далучаюцца літаратары Брэста, Мінска і Віцебска.
У бягучым годзе гамяльчане разам з расійскімі партнёрамі – актывам Міжнароднага фестывалю «Берагі дружбы» – пайшлі далей традыцыйных конкурсных заданняў: вырашылі ажыццявіць паэтычныя пераклады твораў як вядомых, так толькі заявіўшых пра сябе маладых аўтараў з усяго свету на рускую і беларускую мовы. Адзначым, што такім быў водгук беларусаў і рускіх пісьменнікаў на прапанову аб супрацоўніцтве з боку міжнароднага літаратурнага руху «Свет без сцен» (прадстаўніком яго ў Расіі з’яўляецца вядомы рускі паэт Вадзім Цярохін, ён пастаянны ўдзельнік і актыўны прапагандыст гомельскага і растоўскага літаратурных фестываляў – заўв. аўт.).
Як адзначыў Уладзімір Гаўрыловіч, першы этап праекта быў рэалізаваны рускімі перакладчыкамі з прыцягненнем толькі некалькіх перакладчыкаў-гамяльчан. У ліпені 2022 года выйшаў першы том анталогіі сучаснай сусветнай паэзіі «Зямля – наш агульны дом» (прадмовы: В. Дварцоў, В. Цярохін; кіраўнікі праекта: У. Гаўрыловіч, Л. Север; Няклінаўскі раён, Растоўскай вобласці, 450 ст.). Першыя прэзентацыі анталогіі на рускай мове адбыліся 29 ліпеня ў рамках Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Берагі дружбы» ў Данской Дзяржаўнай публічнай бібліятэцы ў Растове-на-Доне і 1 верасня 2022 года ў рамках Міжнароднага фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі» ў Гомелі, у абласной універсальнай бібліятэцы імя У.і. Леніна.
Адначасова 22 гомельскіх перакладчыкі, а таксама 6 запрошаных да ўдзелу перакладчыкаў з Гродна і Магілёва, са снежня 2021 па верасень 2022 года, напружана працавалі над перакладамі твораў 46 аўтараў з 26 краін свету на беларускую мову. І ў пачатку лістапада бягучага кніга «Зямля – наш агульны дом. Анталогія сучаснай сусветнай паэзіі» (прадмовы: М. Чаргінец, У. Гаўрыловіч; кіраўнікі праекта: У. Гаўрыловіч, Л. Север; КПУП «Калор», 446 ст.) выдадзены Гомельскім абласным аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».
У рамках творчых праграм і праектаў Саюзнай дзяржавы Беларусь-Расія, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы ў актавай зале Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі 15 лістапада адбылася міжнародная прэзентацыя, прысвечаная выхаду другой кнігі праекта і завяршэння беларуска-рускага выдавецкага праекта «Зямля – наш агульны дом».

У пачатку мерапрыемства, у якім прынялі ўдзел пісьменніцкі актыў рэгіёна, прадстаўнікі ўлады, сістэмы адукацыі і культуры, расійскага Цэнтра навукі і культуры, успаміналі сапраўднага сябра Гомельшчыны і Беларусі Уладзіміра Сарочкіна. Са сцэны прагучалі паэтычныя радкі, гледачы паглядзелі ўрывак з дакументальнага фільма пра жыццёвы і творчы шлях і ўшанавалі хвілінай маўчання памяць культурнага і грамадскага дзеяча Браншчыны, выдатнага рускага паэта, перакладчыка, арганізатара і ўдзельніка многіх беларуска-расійскіх літаратурных праектаў: прайшоў роўна год са дня дачаснага сыходу з жыцця таленавітага пісьменніка.
Са словамі прывітання і падзякі за сумесную працу да ўдзельнікаў міжнароднай ініцыятывы ў фармаце анлайн ад імя беларусаў Растоўскай вобласці і актыву Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Берагі дружбы» звярнуўся старшыня праўлення ГА МНКА «Беларусы Няклінаўскага раёна», член Вышэйшага творчага савета Саюза пісьменнікаў Расіі, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Леанід Север. Леанід Юр’евіч падкрэсліў значнасць і ўнікальнасць ажыццёўленага беларуска-рускага праекта, паведаміў пра старт прыёму конкурсных заявак ад моладзі і паэтаў-прафесіяналаў дзвюх краін на «Берагі дружбы-2023» і запрасіў прафесійных паэтаў-гамяльчан у наступным годзе прыняць удзел у перакладчыцкім праекце твораў вядомых паэтаў малых народаў Расіі.
Цёпла падзякавала абласную пісьменніцкую арганізацыю і яго лідара за вялізную асветніцкую працу ў галіне літаратуры, за ажыццяўленне сацыяльна-значных праектаў, у тым ліку міжнародных, вядучы рэферэнт аддзела культурна-асветніцкай работы галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Марына Долбікава.
Прадстаўнік расійскага Цэнтра навукі і культуры Маргарыта Савельева адзначыла велізарную ролю пісьменніцкай арганізацыі Гомельшчыны па збліжэнні пісьменнікаў Расіі і Беларусі, папулярызацыі таленавітых твораў славянскіх літаратараў і патрыятычную працу з падрастаючым пакаленнем, уручыла падзяку Рускага Дома ў Гомелі Уладзіміру Гаўрыловічу за вялікі асабісты ўклад у справу яднання брацкіх народаў.
Кранальна са сцэны гучалі пераклады на беларускую мову твораў пісьменнікаў 26 краін свету ў выкананні перакладчыкаў Міхася Болсуна, Ніны Шкляравай, Тамары Кручэнка, Дар’і Дарошка, Алега Ананьева, Мікалая Ждановіча, Святаслава Крупенькі, Іны Зарэцкай, маладой паэткі Аліны Рыцік і многіх іншых, – пісьменнікі шчыра дзяліліся сваімі ўражаннямі ад знаёмства з творамі вядомых паэтаў свету.
У рамках цікавага мерапрыемства таксама былі прэзентаваныя чарговыя нумары міжнароднага культурна-асветніцкага альманаха “Літара. Літара. Літара » (Гомель), абласнога альманаха «Літаратурны Бранск» і часопіса «Краснадар літаратурны», а таксама шэрагу кніг і выданняў 2022 года афіцыйнага партнёра фестывалю-свята «Славянскія літаратурныя Дажынкі» – Міжнароднага фестывалю-конкурсу «Берагі дружбы».
Прэзентацыя завяршылася ўручэннем падарункаў-новых кніг і выданняў для папаўнення фондаў абласно бібліятэкі і цэнтральнай гарадской бібліятэкі Гомеля.
Ад імя кіраўніцтва двух славянскіх літаратурных фестываляў пісьменнікам, перакладчыкам, грамадскім дзеячам, пераможцам шэрагу літаратурных конкурсаў, творчай моладзі былі ўручаны грамадскія ўзнагароды за ўдзел у міжнародных праектах і літаратурных форумах, якія аб’ядноўваюць беларускую і рускую літаратуру. Прывітальныя адрасы-віншаванні Савета абласнога аддзялення СПБ уручаны прынятым у творчую арганізацыю траім празаікам і публіцыстам – Уладзіміру Міроненку, Наталлі Шастаковай і Максіму Шастакову. А ў выкананні супрацоўніцы абласной бібліятэкі Таццяны Дземідзенкі і музыкі-выканаўцы Віктара Задарожнага прагучалі музычныя падарункі, у іх ліку песні па творах Я.Коласа, а таксама на вершы гомельскіх паэтаў.

Мікалай ІГНАТОВІЧ
На здымках: падчас прэзентацыі міжнароднага праекта.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *