Зачароўвае, закалыхвае…

Общество Природа и человек

“Даўно не было такой ранняй зімы, са снегам і маразамі, — гаворыць Якаў Ліпскі, дырэктар Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. – Але паглядзіце ў акно: як прыгожа вакол!”

Як сапраўдны Дзед Мароз, Якаў Дзмітрыевіч паказвае нам свае ўладанні, дзе рассыпала чары зіма. Вялізныя ледзякі звісаюць з крыш будоў. Калі днём прыгравае сонейка, яны пачынаюць плакаць і толькі ўвечары супакойваюцца.

— Там, дзе ходзяць дзеці і дарослыя, мы пазбівалі гэтую прыгажосць, — гаворыць наш “экскурсавод”. – А тут вось аставілі – хай павісяць. А вось якую снежную трубу закруціла зіма, нават і не верыцца, што гэта стварыла сама прырода.

Снег, які павольна спаўзаў з даху, скруціўся, утварыўшы беласнежную трубу.  Сапраўды дзівацтвы зімы!

— А вось яшчэ адзін цуд, — паказвае на заснежаны куст каліны Якаў Дзмітрыевіч. – Як чароўна снег абсыпаў чырвоныя празрыстыя ягады каліны! Памятаеце, як у Генадзя Бураўкіна:

“Як налілася сокам горкім,

Як заірдзелася яна –

З усіх нізін, з усіх узгоркаў

Адна на ўвесь абсяг відна.

У цёплай сіні сакалінай,

Чырвоная, нібы ў крыві,
Стаіць шукшынская каліна

Сярод някошанай травы…”.

Толькі чалавек чулай і шырокай душы, які жыве ў міры і згодзе з людзьмі і прыродай, заўважае хараство навакольнага міра. Ён нясе ў сваім сэрцы любоў да роднага краю, павагу да людзей, якія ствараюць духоўныя і матэрыяльныя каштоўнасці.

— Я заўсёды радуюся таму, што я існую, што побач жывуць самыя дарагія мне людзі, што мне дадзена мілавацца прыгажосцю навакольнага свету і адкрываць гэты свет для сябе, — прызнаўся Якаў Ліпскі.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *