Кацярына Нікіціна, дырэктар Ельскага раённага цэнтра рамёстваў ведае прабабулін сакрэт саламянай спіралі

Культура Личности

Па выніках абласнога конкурса па саломапляценні «НаРоднае золата», які прайшоў нядаўна ў Гомелі, Дыпломам І ступені ў намінацыі «Выраб утылітарнага прызначэння ў тэхніцы спіральнага пляцення» ўзнагароджана дырэктар Ельскага раённага цэнтра рамёстваў Кацярына Нікіціна.

Конкурс «НаРоднае золата» прайшоў упершыню. Па словах арганізатараў, ідэя гэтага конкурсу з’явілася тады, калі рамясло саломапляцення ўвайшло ў Дзяржаўны спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь у 2022 годзе. Пераможцаў вызначалі ў 7 намінацыях. Удзел у конкурсе прыняло 12 майстроў з 9 раёнаў Гомельшчыны.
На працягу пяці дзён з вялікім захапленнем і энтузіязмам ствараліся конкурсныя работы ўдзельнікамі абласнога конкурсу-пленэру па саломапляценні: залацісты конь – пластычная і дэкаратыўная дасканаласць; птушачкі – лёгкія, лунаюць у паветры; павукі, якія нясуць спакой і супакаенне; саламяныя кветкі, у якіх злучыліся лепшыя традыцыі народнага мастацтва, і многае іншае. Журы вызначыла пераможцаў у кожнай намінацыі. Ельская майстрыха Кацярына Нікіціна перамагла ў намінацыі «Выраб утылітарнага прызначэння ў тэхніцы спіральнага пляцення».
– Такі конкурс-пленэр, – адзначыла Кацярына Анатольеўна, – праводзіўся ўпершыню. Майстры саломапляцення Гомельшчыны, заяўленыя ў розных намінацыях, на працягу пяці дзён павінны былі зрабіць выраб у той ці іншай тэхніцы. Я працавала над вырабам (ёмістасцю для захавання прадуктаў) утылітарнага, іншымі словамі – практычнага, бытавога, прызначэння ў тэхніцы спіральнага пляцення. Гэтая тэхніка старадаўняя, унікальная ў саломапляценні, і ўмеем у ёй працаваць, не без гонару адзначу, толькі мы, адзіныя на Гомельшчыне. Наогул на конкурсе, які сабраў майстроў саломапляцення з усёй Гомельшчыны, усе канкурсанткі не толькі паказалі, на што здольныя, але і перанялі лепшы вопыт сваіх калег. У камандзе аднадумцаў адчуваеш сябе даволі ўпэўнена, і тады ўсё атрымліваецца на выдатна.
Трэба адзначыць, што Кацярына Нікіціна прафесійна займаецца саломапляценнем больш за дзесяць гадоў, дакладней – з пачатку працы ў цэнтры рамёстваў. Хаця тэхнікай саломапляцення захапілася яшчэ ў гады вучобы ў педвучылішчы. Выдатна майстрыха асвоіла і старадаўні спосаб спіральнага пляцення, і сёння яна – адзіная на Гомельшчыне, хто стварае рэчы па «прабабуліных тэхналогіях». А сотні гадоў таму практычна на кожным падворку былі ёмістасці з саломы. У іх захоўвалі збожжа, муку, нават ваду. Спіральнае пляценне настолькі шчыльнае, што не прапускае вадкасць, наадварот, чым больш такая бочка набракне, тым герметычней стане. З падобнага матэрыялу таксама рабілі скрыні для адзення, абутку, вуллі. Пчолы, дарэчы, у падобных «хатках» адчувалі сябе выдатна. Падыходзіў матэрыял і для шырокіх ёмістасцей, з якіх уручную сеялі хлеб.
Што датычыцца саламянай спіралі, то, акрамя таленту, тут вельмі патрэбныя сіла і ўпартасць. Салома скручваецца ў жгуты, потым пераплятаецца хваёвымі карэньчыкамі, і так па крузе. На ёмістасць, якую Кацярына Нікіціна рабіла ў Гомелі, хапіла пяці дзён, на большыя прадметы патрэбна значна больш часу. Тым не менш, па словах майстрыхі, асвоіць «прабабуліны» тэхналогіі пры жаданні можа кожны, было б жаданне.
Трэба адзначыць, што саломапляценне Ельскага цэнтра рамёстваў як элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны «Мастацкія практыкі саломапляцення Гомельскай вобласці» ўвайшло ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Тут зберагаюць народныя традыцыі і развіваюць іх. Калі хто хоча далучыцца да старадаўняга рамяства, калі ласка, майстры цэнтра з задавальненнем навучаць вас усім сакрэтам салома-пляцення!

Ганна Гаўрылава

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *