Жніво ідзе, жніво гудзе на палях Ельшчыны

Актуальное Жатва 2023 Новости Ельщины Сельское хозяйство

Гул рухавікоў камбайнаў і прыемны пах збажыны пануюць гэтымі днямі на палетках гаспадарак. З добрым настроем на ўборцы збожжавых працуюць хлебаробы КСУП «Дабрынь».

На жніве сёлета занята шэсць экіпажаў камбайнераў. Усе практычна працуюць на новых камбайнах. У раённым спаборніцтве на жніве амаль упоравень ідуць наперадзе камбайнавыя экіпажы Руслана Прыстаўкі, Валерыя Кольчанкі і Іллі Гладышка, якія працуюць на камбайне па адным. Разам з вопытнымі камбайнерамі працуе маладзёжны экіпаж у складзе Ігара Былькова і Аляксандра Іванова.
Лепшыя паказчыкі ў раёне і ў вадзіцеляў гэтай гаспадаркі. Так, больш за 200 тон з палеткаў ужо перавёз на МАЗе вадзіцель Ігар Бягляк. Лідзіруюць у раёне і аператары зернесушыльных установак з КСУП «Дабрынь». Гэта Міхаіл Мядведскі з памочнікам Іллёй Сураўцом і Раман Галата з памочнікам Аляксандрам Шэцка.


Падчас нашага прыезду на поле за вёскай Роза Люксембург мы засталі адразу чатыры экіпажы зернеўборачных камбайнаў. Яны толькі-толькі паабедалі і ўдзялілі пару хвілінак журналістам. Работу камбайнаў і якасць уборкі кантраляваў галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Осіпаў. Ён, жыхар суседняга Нараўлян-скага раёна, толькі другі месяц працуе ў КСУП «Дабрынь», але, маючы адпаведную адукацыю, ужо добра пазнаёміўся з асаблівасцямі дзейнасці ў КСУП «Дабрынь», наладзіў сяброўскія ўзаемаадносіны з механізатарамі і ўпэўнена расказаў пра ход жніва.
– Сёлета ў КСУП «Дабрынь» належыць убраць 1666 гектараў зерневых культур, – адзначыў Аляксандр Сяргеевіч. – Зараз убі-раем азімае жыта. Наперадзе – уборка яравых культур. Моцныя дажджы часам спыняюць уборку, але як толькі ўстанаўліваецца добрае надвор’е, камбайны адразу выязджаюць у поле. Камбайнеры працуюць увесь светавы дзень. Да пачатку ўборкі, пакуль не спадзе раса, яны аглядваюць свае камбайны, чысцяць іх, а пасля прыступаюць да работы. Хлопцы працуюць з добрым настроем, нягледзячы на не вельмі вялікія намалоты, але з цвёрдай упэўненасцю, што хлеб патрэбна ўбраць хутка і без страт.


На адвозцы збожжа штодня задзейнічаны прыкладна тры адзінкі тэхнікі. На полі ў час нашага прыезду чакаў, пакуль напоўняцца бункеры камбайнаў, вадзіцель Станіслаў Аляксееў. Ураджэнец вёскі Млынок, Стас нядаўна вярнуўся з арміі і вырашыў папрацаваць у КСУП «Дабрынь» у час уборачнай кампаніі.
– Працаваць на «МАЗе» мне не ў навінку, – расказаў малады чалавек. – Да арміі я ўжо працаваў у гаспадарцы. Вярнуўшыся са службы, таксама вырашыў па-працаваць тут. Мне выдзелілі вось гэты МАЗ, і я з задавальненнем удзельнічаю ў жніве.
З поля збожжа паступае на зернесушыльны комплекс у Млынку. Тут у час нашай паездкі мы сустрэлі Міхаіла Мядведскага, аператара зернесушыльнага комплекса. Малады чалавек працуе з напарнікам Іллёй Сураўцом. Хлопцы зараз лідзіруюць у раённым спаборніцтве сярод аператараў ЗСК. Яны ўжо перасушылі каля 400 тон збожжа.


Міхаіл Мядведскі – малады спецыяліст. Прыйшоў працаваць у КСУП «Дабрынь» электрыкам у мінулым годзе пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага аграрнага каледжа, дзе набыў сваю спецыяльнасць. У час уборкі малады чалавек працуе на зернесушылцы.
– Працуем пазменна з Раманам Галата, – расказаў Міхаіл Аляксандравіч. – Работа добра знаёмая. Калі ўзнікаюць цяжкасці ці пытанні, звяртаемся да старэйшых калег.
Доўгія размовы хлебаробы КСУП «Дабрынь» весці не любяць: час не чакае, трэба ўбіраць хлеб. Спыніўшыся на некалькі хвілін, каб сфатаграфавацца, механізатары працягнулі сваю звычайную, але самую галоўную работу – убіраць хлеб.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *