Жніво для хлебаробаў Ельшчыны – заўсёды пытанне нумар адзін

Жатва 2023 Сельское хозяйство

Гарачая пара для беларусаў – гэта харчовы фронт, а на вайне перамагае той, хто лепш падрыхтаваны. На гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу нядаўна на селектарнай нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі.

«Жніво – заўсёды пытанне нумар адзін. Па сутнасці, момант ісціны і фініш вялікай работы ўсяго аграпрамысловага комплексу на працягу сельскагаспадарчага года,» – адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Аграрыі Ельскага раёна таксама разумеюць гэта, як і тое, што ад іх зладжанай і якаснай работы будзе ў выніку і фарміравацца агульны ўклад у «каравай» краіны.
Па дадзеных на 10 жніўня, на Ельшчыне зжата каля 60% збожжавых культур, намалочана каля чатырох тысяч тон зерня. Сярэдняя ўраджайнасць складае 12,2 цэнтнера з гектара.
Днямі журналісты раённай газеты накіраваліся на палеткі КСУП «Ельскае Палессе», дзе каля вёскі Старое Высокае камбайны ўбіралі авёс. Як расказала кіраўнік гаспадаркі Аксана Ярмоліч, на сёлетнім жніве заняты сем экіпажаў камбайнаў, на адвозцы збожжа – тры адзінкі тэхнікі.
– Канешне, ураджай сёлета не самы лепшы, – адзначыла Аксана Аляксандраўна. – Але ж якое б збожжа не вырасла, яго патрэбна ўбраць. Усе механізатары стараюцца, шчыруюць, выкарыстоўваюць кожную пагожую хвілінку, каб без страт са-браць ураджай.
Для работнікаў гаспадаркі, занятых на ўборачнай кампаніі, арганізавана двухразовае харчаванне, заўважыла Аксана Ярмоліч. Ад кошту абедаў механізатары аплочваюць толькі 10%, а гэта каля рубля атрымліваецца. Гарачае ж і здаровае харчаванне вельмі важна для хлебаробаў: працаваць жа даводзіцца ад зары да зары.

Інжынеры руляць
Галоўны інжынер КСУП «Ельскае Палессе» Яўген Прышчэп штогод у час жніва сядае за штурвал збожжаўборачнай машыны. Гэты год – не выключэнне. У памочніках Яўгена Васільевіча – малады калега, таксама інжынер гаспадаркі Юрый Скаклянёў.
– Да ўборкі рыхтаваліся, як заўжды, старанна, – сказаў Яўген Васільевіч. – А вось надвор’е, канешне, падвяло. Ураджайнасць меншая, чым летась, адпаведна і намалоты.
Яшчэ некалькі хвілін на фотасесію – і ён разам з малодшым камбайнерам спяшаецца жаць. Пакуль няма дажджоў, варта паспяшацца. Звычайна камбайны на палетках ад світання да паўночы.
Трэба адзначыць, што Яўген Прышчэп – адзін з самых вопытных камбайнераў. Працаваць на камбайне пачаў з 14 гадоў, калі бацька Васіль Аляксандравіч запрасіў да сябе ў памочнікі. Так з тых пор, як толькі саспее жыта, Яўгену Прышчэпу не сядзіцца на месцы – хочацца за штурвал жніўнага карабля.
– Пра што марыць хлебароб? – пытаюся ў Яўгена Прышчэпа
– Сабраць добры ўраджай.
– Які хлеб самы смачны?
– Ельскі «кірпічык».
– Якую музыку слухаеце ў камбайне?
– У камбайне няма калі музыку слухаць, трэба камбайн слухаць, каб збояў у працы не было!

«Дзяжурныя» па ўраджаі
Задача 9 юнакоў і дзяўчат са студатрада «Юнацтва», які працуе ў КСУП «Ельскае Палессе», – захаваць і зберагчы зернеткі новага ўраджаю і тым самым зрабіць свой пасільны ўклад у сёлетні намалот сельгаспрадпрыемства.
Мы засталі студатрадаўцаў у складзе за перасыпаннем збожжа. Яны перасушвалі яго, перасыпаючы з аднаго месца на другое. Многа перасыпалі, а засталося яшчэ больш. Але аб’ёмы работы моладзь не палохаюць. Большасць з іх не першы раз занята ў жніўной кампаніі.
Камандзір атрада – Марына Баранец. Дзяўчына – студэнтка педагагічнага універсітэта імя М.Танка, але на летніх канікулах не змагла застацца ўбаку ад жніва ў роднай вёсцы.
– Я сама некалькі гадоў працавала ў студатрадзе, калі вучылася ў школе, – адзначыла Марына. – А сёлета запрасілі пабыць камандзірам атрада, і я згадзілася. А чаму б і не? Хочацца ж далучыцца да ўсеагульнай справы. Ды і грошы ніколі лішнімі не бываюць.
Большасць юнакоў і дзяўчат – старшакласнікі Качышчанскай сярэдняй школы. Але ёсць і тыя, хто скончыў школу і ўжо паступіў вучыцца, але вольны час вырашыў выкарыстаць на добрыя мэты. У іх ліку –Крысціна Шубіч, якая ўжо залічала ў Мазырскі медыцынскі каледж на спецыяльнасць «сястрынская справа».
– Напярэдадні навучальнага года вырашыла папрацаваць у маладзёжным атрадзе, – расказала Крысціна. – Мне тут падабаецца, бо тут школьныя сябры, разам нам весела, вядома ж, даводзіцца прыкладаць фізічныя намаганні, але такая работа. Заробак мяркую патраціць на падрыхтоўку да вучобы: і апрануцца трэба, і канцылярыю набыць. Увогуле лічу, што атрымаць самастойны працоўны вопыт павінен кожны малады чалавек, каб пасталець, зразумець, што менавіта табе падабаецца, і ў будучым выбраць прафесію па душы.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *