Сакрэты малака «экстра» ведаюць на малочнатаварным комплексе «Скароднае» КСУП «Скараднянскі»

Общество Сельское хозяйство

Малочнатаварны комплекс «Скароднае» КСУП «Скараднянскі» ў пэўным сэнсе ўнікальны: адсюль малако адпраўляецца на перапрацоўчыя прадпрыемствы гатункам экстра. Такой якасцю могуць пахваліцца далёка не ўсе комплексы, не кажучы пра фермы.

Працаўнікоў МТК «Скароднае» неаднойчы падчас акцыі «Наш жывёлавод» адзначаў прафсаюз работнікаў АПК, віншуючы з працоўнымі перамогамі. Сёння кіруе комплексам Святлана Марозава – чалавек з больш чым 20-гадовым стажам работы ў сельскай гаспадарцы. Святлана Афанасьеўна не толькі кіруе калектывам малочна-таварнага комплексу, але і сама асемяняе кароў, а таксама асабіста правярае і кантралюе якасць атрымліваемага малака. Як ужо было сказана вышэй, на гэтым комплексе ўсё атрыманае малако ідзе класам «экстра». Ды і надоі на карову – адны з лепшых у раёне – амаль 11 кілаграмаў малака.
Пры сустрэчы пацікавілася ў Святланы Марозавай, у чым жа сакрэт поспеху скараднянскага малака.


– Сакрэтаў няма, – сказала суразмоўца. – Якасць малака залежыць ад многіх складаемых: селекцыйных характарыстык малочных рагуль, кармавой базы, умоў утрымання жывёлы, яе своечасовага лячэння, стану малочнага абсталявання, тэхналогіі даення, у тым ліку і апрацоўкі вымені… Можна доўга пералічваць. Але асноўнае – так званы чалавечы фактар. Няважна, ферма гэта ці комплекс, але калі людзі разумеюць, што працуюць на агульны вынік, што ад сумленнага выканання абавязкаў кожнага залежыць праца ўсіх – тады будзе толк. У гэтым сэнсе мне пашанцавала: мы калектыў, каманда, нават больш – сям’я.
Зараз жывёл на малочна-таварным комплексе абслугоўваюць 12 чалавек. Практычна ўсе работнікі – людзі адказныя і сумленныя. Тым не менш загадчык МТК Святлана Марозава адразу патлумачыла:
– Хоць людзям трэба давяраць, але кантроль павінен быць». Сесці на шыю і ножкі звесіць – гэта не пра мяне. Пастаўленую задачу сама выканаю і з падначаленых не злезу.
Акрамя чалавечага фактару, ёсць яшчэ шэраг умоў атрымання якаснага малака, адзначыла загадчыца комплексу. Адно з іх – допуск да агульнай дойкі выключна здаровых кароў. Гэта залатое правіла – закон для даярак комплексу.
Зараз на малочна-таварным комплексе «Скароднае» ўтрымліваюцца 364 дойныя каровы, 28 нецеляў, 8 кароў на адкорме і 170 цялятак.

Падрабязнасці чытайце ў нашай раёнцы 4 лістапада.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *