У рэдакцыю «НГ» прыйшоў ліст ад нашага земляка, паэта Рыгора Бабчанка. У ім акуратнымі літарамі выведзены вершаваныя радкі. Усе вершы — на роднай мове. Ды і сам Рыгор Уладзіміравіч усе сваё жыццё размаўляе на беларускай мове. І вершы яго — таксама на беларускай мове.

З юнацкіх гадоў Рыгор Бабчанок выступаў з вершамі ў перыядычным друку. Працуе ў сельскай гаспадарцы Гомельшчыны. Больш 20 гадоў кіраваў сельгаспрадпрыемствам «Калгас “Камуніст” Ельскага раёна, дзе яго палымяныя вершы ўпрыгожвалі пасёлак Зашыр’е.
Першы зборнік “Асалода” выйшаў з друку ў 2012 годзе. У 2014 годзе выйшаў новы зборнік вершаў “Вяртанне”, у 2020 годзе — зборнік лірычных вершаў “Вышыня”, у 2025 годзе быў надрукаваны яшчэ адзін зборнік вершаў пра вытокі жыцця паэта “Сцяжынкамі лёсу”.
Вершы Рыгора Бабчанка кранаюць душу сваёй шчырасцю, пяшчотай і любоўю да Радзімы. Ён піша пра зямлю і тых, хто на ёй працуе, пра родную хату і матулю, перад якой лічыць сябе ў вялікім даўгу.
Жыве паэт ў пасёлку Зашыр’е Ельскага раёна.
Верш «Мову, сынок, беражы!»
Калі людзі пытаюць,
Адкуль матчыны песні,
Адкажу — няхай знаюць:
Я жыву на Палессі.
Сам з палескага краю,
Ды з прыгожых мясцін.
Ад зялёнага гаю,
Ад хваін i paбін,
Ад высокай дубровы
І духмяных стагоў,
Смак матулінай мовы
Я нясу да сяброў.
Мае песні i казкі
Ад бацькоў i радні.
Хай з жаданнем i ласкай
Пераймаюць сыны.
Меладычныя словы
Вывучаюць штогод.
І бацькоўскую мову
Хай шануе народ.
Каб ніколі не страціў
Hi твой сын, ні ўнук,
Бо казала мне маці:
“Ты, сынок, паляшук”.
Памятай тэта слова,
І нясі ўсё жыццё.
Будзе жыць наша мова —
Не спаткаць забыццё!
Разгарыцца патрэба
У беларускай душы,
Hiбы лустачку хлеба,
Мову, сын, беражы!
Рыгор Бабчанок
