
Ад казак СНД да баек Крапівы: чым будуць здзіўляць выдавецтвы на кніжнай выставе ў Мінску
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» на XXXIII Мінскую міжнародную кніжную выставу-кірмаш рыхтуе насычаную праграму.
Сярод галоўных навінак — кніга «Сказочный мир. Сказки народов СНГ», прымеркаваная да 35-годдзя стварэння Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Выданне змяшчае ў сабе казкі ўсіх народаў, што ўваходзяць у СНД, а яго прэзентацыя адбудзецца на галоўнай сцэне выставы.
Адной з важных падзей стане падвядзенне вынікаў конкурсу маладых аўтараў «Маладзік», арганізаванага Саюзам пісьменнікаў Беларусі, выдавецтвам «Мастацкая літаратура» і часопісам «Маладосць» пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі.
Асобны блок праграмы прысвечаны серыі «Нацыянальная літаратурная прэмія». Тры выдавецтвы — «Мастацкая літаратура», «Беларусь» і «Звязда» — аб’ядналі кнігі лаўрэатаў у адзіным афармленні, каб стварыць паўнавартасную бібліятэчку пераможцаў найпрэстыжнейшай літаратурнай узнагароды краіны. Ад «Мастацкай літаратуры» на выставе будуць прадстаўлены «Выбраныя творы» Уладзіміра Гаўрыловіча і Віктара Кунцэвіча, а таксама дзіцячая кніга вершаў Міхася Пазнякова.
