
IX Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый «Кліч Палесся», які прайшоў 15 жніўня ў аграгарадку Ляскавічы, стаў падзеяй асаблівай. Яго галоўнай тэмай, якая вызначыла ўсю атмасферу, стаў «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве», што было прымеркавана да Года беларускай жанчыны.
Маштаб свята таксама быў уражлівым. Уявіце сабе: больш за 9 гектараў плошчы было занята падворкамі і лакацыямі, сцэнамі, на якіх выступалі артысты і дзейнічалі шматлікія атракцыёны для дзяцей. Фестываль аб’яднаў каля 55 тысяч гасцей і 3 тысяч артыстаў.
Этнафест стаў яркай маштабнай падзеяй у культурным жыцці краіны, падарыў тысячам беларусаў і замежным гасцям мноства пазітыўных эмоцый.
Асабісты ўдзел Прэзідэнта
Асаблівасцю фестывалю стаў непасрэдны ўдзел Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, для якога Палессе – месца з асабістай гісторыяй. Адкрываючы свята, ён успомніў свае першыя крокі на пасадзе Прэзідэнта ў Ляскавічах і гісторыю, калі па просьбе мясцовай жыхаркі ён арганізаваў дастаўку ваенных пякарняў, каб забяспечыць лю-дзей хлебам.
Кожнае слова, сказанае Прэзідэнтам на фестывалі, было прасякнута любоўю да роднай зямлі, да людзей, да вытокаў. Усе слухалі яго, затаіўшы дыханне. Некалькі метраў аддзялялі дэлегацыю Ельскага раёна ад Прэзідэнта. І мы не толькі слухалі, бачылі зблізку кіраўніка краіны, але і адчувалі яго эмоцыі і разам з ім усміхаліся і перажывалі. А гаварыў Аляксандр Рыгоравіч пра мір і развіццё краіны. І ўвесь час, пакуль ён быў на сцэне, у небе кружыліся два буслы. Гэта стала своеасаблівым падцвярджэннем міралюбівасці беларусаў. Наша Беларусь – зямля пад белымі крыламі – заўсёды выступае за мір і спакой.
Аляксандр Лукашэнка пад-крэсліў, што ключавой умовай для захавання стабільнасці і бяспекі ў рэспубліцы на фоне знешніх сусветных падзей з’яўляецца ўпартая праца і ўсебаковае ўмацаванне дзяржавы. «Паглядзіце, што робіцца вакол. З пункту гледжання рэлігійнай і нацыянальнай варожасці. Страшна падумаць. Мы – спакойна. Не я – вы ўсё зрабілі для таго, каб на гэтым кавалку зямлі, вакол якога ўсё шугае, спакойна жылі людзі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – І мы будзем жыць спакойна, калі не будзем адбіраць чужое і раскладваць па кішэнях, калі будзем працаваць і мацаваць нашу краіну. Галоўнае – эканоміка. Таму я заўсёды вам кажу: вы мне дайце толькі адно – эканоміку, усё астатняе – за мной».
Прэзідэнт запэўніў, што кіраўніцтва краіны прыкладзе максімум намаганняў для падтрымання мірнага становішча. Ён дадаў, што Беларусь не мае агрэсіўных намераў, паколькі наша краіна стала гарманічным агульным домам, дзе камфортна і бесканфліктна суіснуюць людзі самых розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў і гасцей форуму, кіраўнік дзяржавы шчыра прызнаўся, што Палессе для яго асаблівае яшчэ і тым, што менавіта тут ён рабіў свае першыя крокі на пасадзе Прэзідэнта. З тых часоў у рэгіёне змя-нілася многае, ён прыкметна папрыгажэў, у тым ліку дзякуючы рэалізацыі праграмы адраджэння Прыпяцкага Палесся.
І ўсё ж сярод палешукоў ёсць людзі асаблівыя. Тыя, хто носяць званні ганаровых. Кіраўнік дзяржавы ўручыў статуэткі «Ганаровы паляшук» чатыром новым уладальнікам за іх уклад у развіццё рэгіёна. Імі сталі: Міхаіл Саскевіч, дырэктар ЗАТ «Сатурн-1» г. Жыткавічы; Тамара Прыбалавец, загадчыца філіяла «Тонежскі сельскі Дом культуры»; Аляксандр Саўчыц, генеральны дырэктар ААТ «Савушкін прадукт»; Сяргей Паддубны, кіраўнік народнага ансамбля «Палескія зоры».
Трэба адзначыць, што першым уладальнікам гэтага звання стаў сам Прэзідэнт яшчэ ў 2014 годзе, а ўсяго ўзнагароды «Ганаровы паляшук» за часы правя-дзення фестывалю «Кліч Палесся» ўдастоены 18 чалавек.
У Ляскавічах Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку падарылі каравай, які сімвалізуе адзін мільён тон збожжа, намалочаны на Гомельшчыне.
А яшчэ кіраўніку дзяржавы прэзентавалі вулей і кошыкі з яблыкамі. Напярэдадні Мядовы спас быў, як-ніяк. «Вялікі дзякуй вам за сённяшнюю сустрэчу, за вашы падарункі. Я нават не ведаю, што з імі рабіць, як у Палацы Незалежнасці гэты вулей з пчоламі паставіць, – шчыра сказаў Прэзідэнт. – Думаю, будуць баяцца прыязджаць да мяне ў госці. Ну падумаем, што зрабіць. Дзякуй вам велізарнае. Удзячны за гэты падарунак, асабліва за яблыкі. Я, шчыра кажучы, яшчэ такіх і не бачыў у гэтым годзе».
Галоўная тэма – жаночы вобраз
У цэнтры ўвагі фестывалю «Кліч Палесся» сёлета аказаліся жанчыны Палесся – іх гісторыя, культура і традыцыі. На 13 тэматычных падворках, арганізаваных раёнамі Гомельскай і Брэсцкай абласцей, а таксама Пінскам, госці маглі пазнаёміцца з гістарычнымі і сучаснымі жаночымі вобразамі гэтага краю. Напрыклад, падворак Брэсцкай вобласці сустракаў гасцей у шатры «каралевы Боны», распавядаючы пра жанчыну, якая пакінула прыкметны след у гісторыі рэгіёна.
А вось падворак Ельскага раёна называўся «Каралін» і сустракала гасцей прыветлівая дзяўчына ў вобразе Караліны, дачкі пана Аскеркі. Маладая ельчанка расказала цікавую гісторыю з жыцця невялічкага палескага куточка – мястэчка Каралін і правяла своеасаблівы экскурс у мінулае.
– Ельск вядомы з пачатку XVI стагоддзя як адно з уладанняў старажытнага французскага роду Спада, якія былі вымушаныя эмі-граваць з Францыі ў сувязі з рэлігійнымі ганеннямі. Некаторы час ён быў вядомы як Каралін.
Па легендзе, гэта назва звязана з Аскеркамі, якія валодалі гэтым маёнткам у канцы XVIII стагоддзя. Менавіта ў гонар сваёй дачкі Караліны пан Аскерка назваў мястэчка такой цікавай наз-вай – Каралін.
Дзяўчына Караліна расказвала ганаровым гасцям, якія наведвалі падворак Ельскага раёна, наколькі значная роля жанчын у станаўленні малой радзімы.
– Як тоненькая нітачка ідзе з пралкі майстрыхі, так і за годам год, за стагоддзем стагоддзе ідзе наша гісторыя, – адзначыла Караліна. – Нашы жанчыны ўмелі ткаць, вышываць, гатаваць, хлеб пячы і дзяцей расціць. Менавіта жанчыны бераглі традыцыі народа, якія перадаваліся і будуць перадавацца з пакалення ў пакаленне не толькі з рамёствамі, а і праз казкі, песні, танцы і гульні, а з імі і памяць пра род Аскеркаў. Толькі праз народныя традыцыі будзе моцны наш род і народ беларускі.
Новыя фарматы і традыцыі
Фестываль парадаваў ўсіх і навінкамі. Упершыню на «Клічы Палесся» для гасцей працаваў цырк-шапіто з праграмай «Таямніца Малімона», прайшло лазернае шоу на водным экране прама на рацэ Прыпяць, а таксама былі арганізаваны інклюзіўная квэст-пляцоўка і зона з народнымі гульнямі.
Госці маглі не толькі назіраць, але і ўдзельнічаць: плесці традыцыйныя кашалі-палукашкі з хваёвай драніцы або паспрабаваць выдзеўбці човен з дуба. Кулінарныя падворкі радавалі аўтэнтычнымі стравамі: крывянкай, ведзьмакамі, наліснікамі, бульбяным кісялём і пампушкамі, прыгатаванымі па старадаўніх рэцэптах. Ельскі падворак частаваў гасцей духмяным хлебам і караваем, што выпеклі вопытныя кулінары: сям’я Філько з вёскі Санюкі і Сытнік з КСУП «Саўгас «Камуніст».
Ельчанка Кацярына Нікіціна, народны майстар Беларусі, паказала майстар-клас у лакацыі «Рамесная слабада», а ў гала-канцэрце прынялі ўдзел вакальны ансамбль славянскай песні «Хутарок», народны ансамбль ветэранаў працы і народны ансамбль «Ялінка» Ельскага ГДК «Колас», «Ясенец» Падгальскага СДК і «Лянок» Зашырскага цэнтра культуры і вольнага часу.
Кульмінацыяй свята ў Ляскавічах стаў фінал конкурсу «Палеская прыгажуня 2026», у якім выступіла прадстаўніца Ельскага раёна Дар’я Коршак. Падрабязней аб гэтым конкурсе чытайце на старонцы 6.
Слова губернатару
– Галоўная задача фестывалю – не проста арганізаваць прыгожае свята. Важна захаваць жывую традыцыю – каб нашы дзеці ведалі гісторыю малой радзімы, паважалі працу майстроў і ганарыліся культурай роднага краю, – адзначыў губернатар Іван Крупко. – Фестываль – гэта вынік вялікай сумеснай працы. Дзякуючы агульным намаганням, ён з кожным годам становіцца змястоўней, маштабней, цікавей.
Няхай «Кліч Палесся» і далей застаецца месцам, дзе нараджаюцца сяброўскія сувязі, умацоўваецца цікавасць да беларускай культуры і з асаблівай сілай гучыць жывы голас нашага Палесся.
Яна Іванова
