У КСУП «Дабрынь» палявыя работы на фінішнай прамой. Сяўба азімых ужо завершана. Засталіся лічаныя дні ўборкі кукурузы на зерне і нарыхтоўкі сіласу. Пэўныя вынікі напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі ўжо можна зрабіць.
За апошнія гады КСУП «Дабрынь» пад кіраўніцтвам перспектыўнага дырэктара Сяргея Верамейчыка прайшла шлях да стабільнай рэнтабельнасці, сучаснай тэхнікі і амбіцыйных планаў.
Сёлета валавы збор збожжа і зернебабовых у КСУП «Дабрынь» склаў 7037 тон пры сярэдняй ураджайнасці 32 цэнтнеры з гектара. Гэта самы высокі паказчык сярод сельгаспрадпрыемстваў Ельскага раёна, што дазволіла гаспадарцы заняць трэцяе месца ў вобласці сярод сельскагаспадарчых арганізацый па вытворчасці збожжа. На абласных «Дажынках» дырэктару Сяргею Верамейчыку быў ўручаны Дыплом пераможцы.
Акрамя гэтага, КСУП «Дабрынь» стаў пераможцам абласнога агляду-конкурсу «Землекарыстанне высокай культуры земляробства, добраўпарадкаванне машынных двароў, жывёлагадоўчых ферм і комплексаў».
Пра свае вынікі і дасягненні Сяргей Віктаравіч не любіць гаварыць. Ён вельмі сціплы чалавек, які не кідае словы на вецер. Лепш за словы гавораць справы, упэўнены малады кіраўнік. А яшчэ і лічбы.
– З сяўбой азімых сёлета справіліся своечасова, – адзначыў Сяргей Верамейчык. – Пасеялі ў цэлым 1460 гектараў азімых збожжавых культур. На 28 кастрычніка нарыхтавалі амаль 30 тысяч тон кукурузнага сіласу. Намалацілі 1125 тон зерня кукурузы пры сярэдняй ураджайнасці 47,4 цэнтнера з гектара, засталося ўбраць каля 150 га адведзеных плошчаў. Палі, на якіх прыбіраюцца апошнія гектары кукурузы, у хуткім часе будуць рыхтавацца да веснавых работ.
Журналісты «Народнага голасу» праехалі на палеткі з кукурузай, каб на свае вочы пабачыць увесь працэс. Тэхніка ў дзень наведвання працавала на полі каля вёскі Данілаўка. Кукуруза была вышынёй больш за два метры. Пачаткі, якія жаўцелі сярод сцяблін, пацвярджалі нядрэнны намалот.
На камбайне працаваў адзін з лепшых механізатараў КСУП «Дабрынь» Руслан Прыстаўка.
– Кукуруза вырасла нядрэнная, – адзначыў механізатар. – Што нарасціў, тое і ўбіраю! Я гэта поле рыхтаваў да сяўбы, потым засяваў кукурузай, а цяпер вось і сам ўбіраю.
На адвозцы кукурузнага зерня працаваў механізатар Юрый Цалка. Калі бункер камбайна напаўняўся, трактар пад’язджаў да камбайна, каб забраць намалочанае зерне. Працавалі механізатары ўпэўнена і зладжана, выдатна ведаючы сваю справу.
Па дарозе мы бачылі і іншыя дабрынскія палі, дзе іншая тэхніка таксама рабіла сваю справу – роўна і якасна. Яшчэ тыдзень – і з кукурузай тут будзе завершана. А потым – узворванне, падрыхтоўка машын і агрэгатаў да зімовага захоўвання.
Пабываўшы ў КСУП «Дабрынь», мы ўпэўніліся, што тут дакладна разумеюць – менавіта якасная кармавая база, закла-дзеная сёлета, – фундамент для далейшага развіцця жывёлагадоўлі і стабільнай прыбытковасці гаспадаркі.
