Іконы – загадка і тайна пакаленняў

Религия

12 красавіка ў выставачнай зале Ельскага краязнаўчага музея адкрылася выстаўка ікон, царкоўнага адзення  і рэчаў, прысвечаная  20-годдзю адраджэння Тураўскай епархіі. На адкрыцці выстаўкі  прысутнічалі Уладыка Стэфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі, іерэй Георгій, настаяцель Храма Святой Жываначальнай Троіцы, Рыгор Цык, намеснік старшыні Ельскага райвыканкама, Валерый Гейхман, загадчык аддзела культуры райвыканкама, супрацоўнікі музея і шматлікія наведвальнікі.


Выстаўка ікон, царкоўнага адзення  і рэчаў пройдзе ва ўсіх раёнах Гомельшчыны. Але Ельск, з блаславення епіскапа Тураўскага і Мазырскага, мае гонар першым прыняць яе ў сваім музеі.
Адкрываючы выстаўку, Уладыка Стэфан павітаў усіх прысутных са Страснай Сядміцай і звярнуўся са словамі:


– Выстаўка ікон, царкоўнага адзення  і рэчаў, прысвечаная  20-годдзю адраджэння Тураўскай епархіі,  – гэта своеасаблівы заклік вернікаў да сваёй культуры, да спрадвечнай веры – праваслаўнай веры, якой ужо больш за тысячу гадоў. Тураўская епархія – адна з самых старажытнейшых, яна налічвае 1007 гадоў. Раней у Тураўскай епархіі налічвалася 4 манастыры і 76 цэркваў. У самім Тураве да вайны было 4 храмы. Зараз у Тураве будуецца кафедральны сабор свяціцеляў Лаўрэнція і Кірылы Тураўскага.


 У ходзе гісторыі праваслаўная вера і храмы перажылі многа нялёгкіх часоў, моцна пацярпелі ад вандалізму. Амаль усё было разбурана і знішчана. Дваццаць гадоў назад Тураўская епархія была адноўлена, вы-дзелена з Гомельскай епархіі. Па царкоўным дзяленні яна налічвае 10 раёнаў.


На выстаўцы, якая перад вамі, сабраны ўцалелыя іконы з усёй епархіі, некаторыя – мае асабіста, многія – з расійскіх храмаў. Кожная ікона – гэта тайна і загадка пакаленняў. Перад імі маліліся тысячы лю-дзей, з імі размаўлялі, ім расказвалі пра свае беды і радасці. Мне вельмі хочацца, каб такія выстаўкі будзілі наша сумленне, таму што людзі за мірскім пайшлі далёка ад духоўнага, каб дапамагалі зразумець, асабліва маладым людзям, якой была культура напісання ікон і абразоў у мастакоў – з блаславеннем, малітвамі, многімі днямі і нават тыднямі строгага посту. Дай Бог вечную памяць мастакам і тым, хто захаваў для нас гэтую спадчыну! Гледзячы на святыні, людзі будуць пра многае даведвацца: пра гісторыю абразоў, пра жыціі святых, пра гісторыю роднага краю. Хочацца, каб людзі ўспрынялі гэту вернасць веры, добры зарад духу, які прывядзе ўсіх нас да выратавання – выратавання Іісусам Хрыстом.


У гэтыя перадвелікодныя святыя дні я хачу заклікаць усіх да пакаяння, да шчырасці і любові, без якіх далей грамадству рухацца немагчыма. Выратуй Божа ўсіх вас!


Уладыка Стэфан, епіскап Тураўскі і Мазырскі, расказаў наведвальнікам выстаўкі амаль пра кожную ікону, пра яе адметнасці і асаблівасці. Ён звярнуў увагу на ўнікальнасць многіх абразоў: шэдэўр ручной вышыўкі Святой Плашчаніцы, лікі якой напісаны на скуры, Абразы Спасіцеля і Святога Феадосія, прывезеныя з Петрыкаўскага раёна, старажытная ікона Божай Маці (14 стагоддзе), ікона Нара-джэння Хрыстова, прывезеная з Брагінскага раёна, адзенне свяшчэннаслужыцеляў, якое аказалася непадуладным часу… Усе гэтыя святыні жыхары і госці горада змогуць наведваць на працягу месяца.
Рыгор Цык і Валерый Гейхман падзякавалі епіскапу Тураўскаму і Мазырскаму за садзейнічанне ў арганізацыі такой незвычайнай выстаўкі, якая стала сапраўдным падарункам ельчанам напярэдадні самага светлага свята – Уваскрэсення Хрыстова.


Ганна Гаўрылава



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *